Фота Настассі Уікінай.

Сёння журналісты «Рэгіянальнай газеты» наведалі ўсе тры выбарчыя ўчасткі, якія працуюць у пасёлку Чысць на Маладзечаншчыне.

Участак Маладзёжны №72 месціцца ў Чысцінскім Доме культуры. Па словах старшыні выбарчай камісіі Ліліі Малашкі, на іх участку немагчыма заўважыць нейкія тэндэнцыі, калі людзей прыходзіць больш, а калі менш. У першы дзень датэрміновага галасавання больш актыўна ішлі да абеду, у другі дзень – пасля. Члены камісіі і назіральнікі маюць пальчаткі, маскі і антысептыкі.

Кабінкі для галасавання на выбарчым участку №72 у Чысці.

На ўчастку падчас нашага прыходу працавалі назіральнікі ад Фонду Міру, арганізацыі «Белая Русь» і з дзяржустановы. Па іх словах, парушэнняў яны не заўважылі.

Участак Гастэлаўскі №71 працуе ў Чысцінскай сярэдняй школе. Ля ўваходу ў школу на ганку ў крэсле размясцілася незалежная назіральніца Ганна Буцэнка. Ганна – жыхарка Чысці. Штодзень ездзе працаваць у Мінск. Але на час выбараў ахвяравала заробкам і ўзяла адпачынак за свой кошт.

Месца Ганны для назірання.

На ўчастку з іншымі назіральнікамі Ганна не сядзіць. Кажа: не дазваляюць, бо ўжо ёсць неабходная колькасць. Але дзяўчына сядзіць ля ўваходу і лічыць людзей, якія заходзяць у школу. Пасля параўноўвае свае падлікі з пратаколамі камісіі. Кажа, яна налічвае менш.

– Лічыць людзей праблемна, бо ў школу некалькі ўваходаў, – кажа Ганна. – За іншым уваходам назірае яшчэ адна дзяўчына. Пасля складаем лічбы. Нашы лічбы меншыя, чым у пратаколах. Часам я заходжу на выбарчы ўчастак. Зрабіла заўвагу старшыні, што пратакол запаўняюць няправільна – пішуць колькасць людзей за ўсе дні. Я сказала, што трэба пісаць колькасць людзей за кожны канкрэтны дзень. Старшыня камісіі адразу не паслухала мяне. Але сёння яна выбачылася, сказала, што зрабіла ўсё, як трэба.

Мужчыны ўжо прагаласавалі.
Выбаршчыкі.

Ганна кажа, што часам падыходзіць да людзей, якія кіруюцца ў школу і пытаецца, ці ідуць яны галасаваць, чаму ідуць датэрмінова.

Але некаторыя з суразмоўцаў палічылі гэта агітацыяй і паскардзіліся на Ганну старшыні.

– Пабыць назіральнікам менавіта на ўчастку ў мяне, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Але не разумею, чаму. Я ж заходзіла і бачыла, што назіральнікі, якія там сядзяць, стамляюцца, выходзяць адпачыць. Я б магла замяніць кагосьці з іх, – дзеліцца Ганна.

З сабой Ганна прыносіць крэсла, у заплечніку – вада і партатыўная зарадка. А яшчэ – крэм для бяспечнага загару.

Старшыня на ўчастку №71 – Лідзія Андрушкевіч. Яна расказала, што датэрміновае галасаванне праходзіць паступова. Асаблівага наплыву няма, але і не зусім малалюдна. Сёння больш прыходзяць маладыя людзі, у папярэднія дні – сталыя. Ужо сем чалавек запісалася, каб 9 жніўня да іх з урнай прыехалі на дом. Члены камісіі, і назіральнікі – у масках. Да 9 жніўня, па словах старшыні, зробяць палоскі на падлозе, каб забяспечыць дыстанцыю.

Кабінкі на ўчастку.
На ўваходзе на ўчастках ляжаць Выбарчы кодэкс і Канстытуцыя Беларусі.

Журналісты адзначылі, што 71 участак – адзіны ў Чысці, дзе кабінкі стаяць так, што члены камісіі не бачаць выбаршчыка.

На ўчастку тры назіральнікі – ад грамадзян, ад пенсіянераў, і ад прафсаюза работнікаў адукацыі. Па іх словах, галасаванне праходзіць без парушэнняў.

Адсюль Валянціна назірае за ўчасткам.

Абыходзім школу – і на паркоўцы ў машыне бачым Валянціну Сідоркіну. Валянціна лічыць людзей на другім уваходзе. Кажа, крыху заўважны і трэці.

– Працую толькі першы дзень. Таму асабліва нічога не магу вам расказаць, – кажа Валянціна. – У назіральнікі вырашыла пайсці таму, што адчуваю: змагу быць тут карыснай. Людзі больш рызыкуюць, шмат хто нават свабодай. А я таксама хачу зрабіць нешта ў межах сваіх магчымасцяў.

Валянціна Сідоркіна.

Апошні ўчастак, на які мы прыехалі, знаходзіцца ў Чысцінскай дзіцячай школе мастацтваў. Гэта ўчастак №70.

Тут, як і ў двух папярэдніх, ёсць маскі і антысептыкі. Па словах старшыні Таццяны Мацюшонак, ад раніцы прыходзяць галасаваць пенсіянеры, пасля 17:00 – людзі, якія працуюць. Ручкі на ўчастку апрацоўваюць антысептыкамі, але можна прыходзіць са сваёй. Некаторыя так і робяць.

Так выглядаюць кабінкі на гэтым выбарчым участку.
Выбарчая камісія і назіральнікі на задніх партах.

На ўчастку было два назіральнікі – ад БРСМ і ад Беларускага саюза жанчын.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский