Ілюстрацыйнае фота школы. Фота Настассі Уткінай.

Былыя вучні маладзечанскай гімназіі №10 склалі адкрыты зварот да кіраўніцтва і педагогаў школы, а таксама да членаў выбарчай камісіі, што знаходзіцца ў школе. 

Зварот падпісалі больш за 250 былых вучняў школы. Сярод іх людзі самых розных прафесій: прадпрымальнікі, медыцынскія работнікі, выкладчыкі, менеджары, творчыя работнікі, інжынеры, маркетолагі, праграмісты, юрысты, фінансісты, студэнты. Паглядзець зварот можна па спасылцы.

Вось што гаворыцца ў звароце:

«Па ўсёй краіне з’яўляюцца несуцяшальныя навіны пра тое, што вынікі галасавання фальсіфікуюцца, незалежных назіральнікаў абражаюць і ўсяляк перашкаджаюць іх працы. Таямніца галасавання парушаецца. Колькасць фактычна прагаласаваўшых і афіцыйна залічаных галасоў у пратаколах на некаторых выбарчых участках адрозніваецца ў 3-4 разы штодня.

Такія дзеянні камісій парушаюць Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Мы, як і ўсе беларусы, хочам сумленных і адкрытых выбараў, каб голас кожнага быў прыняты і ўлічаны. Гэта гарантавана нам артыкулам 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Заўсёды нашы настаўнікі з’яўляліся прыкладам для нас, таму некаторыя сем’і пакаленнямі вучыліся ў нашай установе адукацыі.

Мы сочым за вашымі поспехамі і ведаем, што наша гімназія лепшая ў раёне. І мы ганарымся!

Вы вучылі нас чалавечай годнасці. І мы памятаем! Годны чалавек сумленны і паважае навакольных. Годны чалавек не ідзе супраць закона і сумлення. Чалавек з пачуццём уласнай годнасці не дазволіць сабой маніпуляваць. Нас пераконвалі, і мы паверылі, што нельга цярпець несправядлівасць, што трэба прымаць і паважаць розныя пункты гледжання.

Вы навучылі нас любіць Беларусь і свой народ. І мы любім! Мы спадзяемся, што настаўнікі і супрацоўнікі нашай гімназіі не далучацца да тых, хто ставіць злачынныя распараджэнні вышэй за гонар, свядома скажаючы звесткі галасавання. І мы хочам верыць!

Мы просім вас аб сумленных і адкрытых выбарах. Няхай вашы подпісы будуць стаяць толькі пад праўдзівымі дакументамі. Пачуйце нашы галасы: лепш за вас ніхто гэтага рабіць не ўмее.»

• Текст доступен на языке: Русский