Першыя выбаршчыкі 9 жніўня ў лебедзеўскім Доме культуры. Фота Сяргея Лескеця.

У пачатку асноўнага дня галасавання камісія Лебедзеўскага ўчастка для галасавання №49 мела 16 заявак на выезды. 

На выезд паехалі члены камісіі Алена Якімовіч, якая працуе ў Лебедзеўскім сельвыканкаме, і Марыя Шураева, якая працуе ў райвыканкаме. Камісію суправаджала назіральнік.

Разам з камісіяй і назіральнікам карэспандэнты наведалі восем адрасоў са спіса. Многія сярод выбарцаў не пагадзіліся фатаграфавацца.

Па першым адрасе нас сустрэў Гергард Фёдараў. Мужчына расказаў, што за сваё жыццё дзе толькі не працаваў. А незвычайнае імя яму дала маці. Вельмі спадабалася, калі вычытала ў кніжцы.

Выбаршчык па другім адрасе папрасіла яе не здымаць. Члены камісіі расказалі правілы галасавання, пытаюцца, ці добра бачна, дзе хто.

Па трэцім адрасе гаспадыня правяла камісію да выбаршчыцы. Папрасіла не фатаграфаваць яе маці, інваліда І групы.

Па чацвёртым адрасе жыве Ніна Ляговіч. Члены камісіі просяць дакумент. Аказалася, што і пашпарт, і пенсійнае пасведчанне па іншым адрасе. Члены камісіі тлумачаць, што не могуць выдаць бланк без дакумента з фатаграфіяй. Жанчына просіць сына, каб прынёс хоць які дакумент, а пасля жартуе: «Ну а фатаграфію прынясі тую, што на помнік». Члены камісіі патлумачылі, што трэба ўсё ж дакумент з фота. Дамовіліся, што цягам дня сын вырашыць пытанне, як дапамагчы маці прагаласаваць.

Па пятым адрасе жыве Анастасія Каралевіч. У жанчыны ўдакладнілі, ці добра ёй бачна, што напісана ў бланку. На гэта жанчына прамовіла: «Мне ўсё роўна ўжо, сёння жыву, а заўтра можа і не».

Па шостым адрасе нас сустрэў Віктар Радзько. Пахваліўся, што адпрацаваў 42 гады механікам. Дык вось нядаўна сын сказаў, што адвязе яго на адпачынак за мяжу. Так і сказаў: «Тата, ты ўсё жыццё працуеш, давай адпачнеш хоць».

Па сёмым адрасе жанчына не захацела, каб яе фатаграфавалі.

Па восьмым жыве Вячаслаў Руткоўскі. Мужчына працаваў у двары, прагаласаваў на лавачцы. Раптам кіроўца камісіі кажа: «Павук, ты? Слава?». Слава пазнаў кіроўцу не адразу. Аказалася, што яны вучыліся ў адным класе, а сустрэліся на выбарах.