Выбары 2020 года. Ілюстрацыйнае фота. Здымак Сяргея Лескеця.

Працягваем дзённік незалежнага назіральніка на выбарах, што працуе ў Маладзечанскім раёне. Імя і прозвішча аўтара мы раскрыем пасля заканчэння кампаніі. 

Першую частку дзённіка чытайце па спасылцы: Ці дапаможа на ўчастку бінокль? Як я збірала подпісы і рыхтавалася да назірання на прэзідэнцкіх выбарах

4 жніўня

Перад першым паходам на ўчастак я хвалявалася. Злавіла сябе на думцы, што адчуваю сябе як перад пачаткам нейкай вайны – бо старанна ўзбройвалася ведамі, нумарамі артыкулаў з Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу, будавала стратэгіі, як паводзіць сябе ў канкрэтных сітуацыях.

На месцы аказалася, што мне пашчасціла з камісіяй – старшыня пазнаёмілася з назіральнікамі і запрасіла ўсіх на апламбіраванне урны. Акрамя трох назіральнікаў ад дзяржаўных арганізацый на ўчастку была яшчэ адна назіральніца, якая падавалася праз подпісы грамадзян.

Ужо ў першы дзень я адчула, як цудоўна назіраць у пары – вы падстрахоўвайце адзін аднаго, абмяркоўвайце рашэнні, без праблем можаце адлучыцца з участка, калі ёсць неабходнасць.

Цягам усяго дня мы назіралі не на тэрыторыі самаго ўчастка, а пад дзвярыма. Яны былі пастаянна адчыненыя. Нам паставілі крэслы, і са сваіх месцаў мы маглі бачыць камісію і урну. Таму на свае вочы бачылі, як кожны выбаршчык атрымлівае белютэнь і апускае яго ў урну. Чытаючы навіны аб тым, як у іншых гарадах назіральнікаў выганялі і нават затрымлівалі пры дапамозе міліцыі, я магла толькі цешыцца сваёй сітуацыі.

Да таго ж мы маглі без праблем фатаграфаваць урну і сам участак.

Здзівіла, што першыя выбаршчыкі з’явіліся роўненька а 10 гадзіне. У выніку ў першы дзень галасаваць прыйшло 60 чалавек. І менш паловы з іх – пенсіянеры.

За дзень на ўчастку з’явіліся прадстаўнікі МНС і выязднога гандлю – у той малюсенькі калідор, дзе мы сядзім на крэслах, прывязуць сталы пад гандаль. Як мы тады будзем назіраць, пакуль адкрытае пытанне.

Як і пытанне аб тым, чаму больш за тры назіральнікі на выбарчым участку – гэта эпідэміялагічная небяспека, а гандлёвы пункт на ім жа – норма.

Прыходзіла прадстаўніца санстанцыі, разам са старшынёй яны пералічвалі маскі, пальчаткі і санітайзеры. Пытанне, чаму прадстаўнічка санстанцыі сама праводзіць праверку без маскі і пальчатак, так і круцілася на языку. Але гэта наўрад ці ўваходзіць у кампетэнцыі назіральніка, таму я так і не задала яго.

З цікавых фраз, пачутых сёння на ўчастку: “На рабоце сказалі – галасуй дасрочна, і нада падчыняцца, хочаш не хочаш” і “Раней людзі на выбары ішлі з усмешкай, а цяпер, як на памінкі. Бо жывем усё горш і горш”.

Шторак на кабінках для галасавання няма – старшыня шчыра спрабавала выбіць з нейкіх інстанцый афіцыйную паперу, чаму гэта так, але пакуль беспаспяхова.

Агулам першы дзень развеяў першапачатковы настрой “як на вайне”. І колькасць налічаных намі выбаршчыкаў супала з лічбай, якую пабачылі ў пратаколе дня.

5 жніўня

Другі дзень зноў пачаўся з ахвотных прагаласаваць яшчэ перад адкрыццём участка. Большасць людзей прыйшла перад перапынкам на абед. Па размовах, форме ці тым, як выбаршчыкі віталіся з  камісіяй можна было зразумець, што многія з іх працуюць у бюджэтнай сферы.

Быў і першы выбаршчык, які галасаваў упершыню ў жыцці – яму пад дружныя апладысменты ўручылі падкову на шчасце.  І яшчэ сёння галасаваў першы чалавек з белай стужкай на руцэ.

Пасля абеду ў мяне атрымалася патрапіць на ўчастак і назіраць ужо адтуль – адна з запланаваных назіральніц не прыйшла, і я заняла яе месца.

Вельмі ўсцешылася гэтаму і злавіла сябе на думцы: гэта ж у якім стане павінен быць законапарадак, каб прытрымліванне элементарных правоў чалавека выклікала адчуванне свята.

6 жніўня

Сёння падлік яўкі зноў супаў з лічбамі ў пратаколе. Заўважыла, што час на ўчастку ляціць хутчэй, чым у першыя дні. Цяжка столькі часу праводзіць у масцы ў памяшканні. Вельмі не хапае актыўных рухаў – хочацца прайсціся, прабегчыся, але абмяжоўваюся пацягушкамі і таптаннем на месцы.

Добра, што побач ёсць напарніца, якую можна на нейкі час пакінуць адну, каб самой хоць на пару хвілін выйсці на вуліцу.

Балюча бачыць сярод датэрміновых выбаршчыкаў знаёмыя твары. Асабліва ў тым выпадку, калі ў прыватнай размове чалавек табе скардзіўся на жыццё і прагнуў пераменаў, а цяпер прыходзіць на датэрміновае, бо “так сказалі на працы”.

Калі ты дапускаеш, каб за цябе вырашалі калі і што ты павінен рабіць у такіх элементарных рэчах, то як можна пасля наракаць на жыццё? Як можна скардзіцца на абставіны, калі ты нават не спрабаваў іх змяніць, не спрабаваў узяць у свае рукі адказнасць за сваё ж жыццё?

7 жніўня

Пасля сённяшняга дня на душы настолькі пагана, што прыйшоўшы дамоў, расплакалася. Ніколі б не падумала, што праца назіральніка больш складаная не фізічна, а маральна. Калі ты бачыш яўную хлусню, глядзіш у вочы людзям, а яны хаваюць позірк – гэта балюча.

За гэтыя дні я бачыла сярод выбаршчыкаў знаёмага міліцыянера – памятаю, што неяк ён пакасіў траву пад маім вакном, калі папрасіла. І ведаю, што пасля ён затрымліваў людзей, якія проста стаялі на вуліцы.

Я бачыла доктарку, якая прыватна скардзілася, што падчас пандэміі іх бальніцу кінулі самой разбірацца з недахопам медыкаментаў і сродкаў аховы. Яна прыйшла галасаваць у адзін з першых дзён.

Наведала сёння і родную школу. “Я вельмі веру, што пасля выбараў мне не сорамна будзе казаць, што я скончыла гэтую школу і вучылася ў вас”, – сказала я старшыні камісіі, калі злавіла яе ў калідоры. Агулам у школе да майго з’яўлення паставіліся з асцярогай, асабліва дзяжурная, якая груба выправадзіла мяне з тэрыторыі.

На маім ўчастку было непаразуменне з падлікам яўкі за дзень, але, на шчасце, яно хутка выправілася. За гэты час шмат розных думак праляцела ў галаве. Мне балюча лавіць сябе на думцы, што я чакаю ад дарослых людзей – членаў камісіі – нейкага падвоха і ўзважваю кожнае іх слова. Я не магу ім давяраць на 100% нават калі перада мной цалкам сумленныя людзі. Бо за многія гады перад нашымі вачыма разгарнулася безліч гісторый аб хлусні і фальсіфікацыі ў камісіях.

І мяне бамбіць ад адначасовага жадання давяраць і ўнутранага голаса перасцярогі.

Сёння ж у Маладзечне затрымалі першага назіральніка. Шмат негатыву для аднаго дня.

8 жніўня

На ўчастку вывесілі выніковыя лічбы за ўсе пяць дзён датэрміновага галасавання. Яны супалі з нашымі падлікамі, што вельмі цешыць.

Датэрмінова на нашым участку прагаласавала 16% выбаршчыкаў.

Таксама наладзілі сувязь з дзяўчатамі, якія назіраюць ад праўладных арганізацый – аказалася, што яны таксама лічаць яўку і мы цягам дня звяралі лічбы адно ў аднаго.

На ўчастак прывезлі мэблю для гандлёвага пункта – верагодна, ён зойме ўвесь калідор, у якім мы назіралі цягам тыдня.

Цяпер да нас далучыліся яшчэ два незалежных назіральнікі і заўтра мы паспрабуем падзяліць працу такім чынам, каб максімальна якасна выканаць сваю працу. Мы не спадзяемся, што нас пусцяць на падлік галасоў. Але на ўчастку мы ў любым выпадку застанемся да аб’яўлення вынікаў.