Першыя выбаршчыкі 9 жніўня ў лебедзеўскім Доме культуры. Фота Сяргея Лескеця.

Лебедзеўскі ўчастак для галасавання №49 размешчаны ў сельскім Доме культуры. 

Да 8 раніцы на пляцоўцы каля ДК размяшчаюць гандлёвыя пункты. У памяшканні размясціліся ўдзельнікі выбарчай камісіі і назіральнікі. Мы распыталі мясцовых жыхароў, якія прыйшлі галасаваць у першыя паўгадзіны, чаму яны выправіліся на выбары з самай раніцы ў нядзелю.

За першыя паўгадзіны прыйшлі галасаваць дзесяць чалавек. Трое з іх не паспелі нават назвацца карэспандэнтам. Толькі паспявалі крыкнуць, што спяшаюцца на ўборачную. Адна з выбаршчыц, праўда прышла яна пазней за 8:30, не адразу знайшла кабінкі, бо прывыкла, што звычайна яны са шторкамі. Яшчэ адна прасіла ўдакладніць, на якім участку яна павінна галасаваць.

Людміла Грыб будзе цэлы дзень мераць ціск ахвотным.

Першай на ўчастку прагаласавала памочнік доктара Людміла Грыб. Медыцынскі работнік цягам дня будзе праводзіць акцыю «Лічбы здароўя: артэрыяльны ціск». Жанчына прапанавала памераць ціск сябрам камісіі, ты адказалі жартам, што ціск пазней спатрэбіцца мераць.

Адразу пасля Людмілы прагаласаваў камбайнёр, адзін з тых, што не паспеў назвацца. За ім прыйшоў Ігар Шамшур. Сказаў, што блізка жыве, таму і прыйшоў так рана. А хутка падыйдуць галасаваць жонка і дачка. Чакаць іх не стаў, каб прагаласаваць разам.

Соф’я Субач прыехала да Дома культуры на ровары. Кажа, спяшаецца на службу ў царкву, вырашыла перад храмам выканаць грамадзянскі доўг. Прагаласавала і паехала да царквы на ровары.

Сняжана Ткачэнка спяшалася прагаласаваць у першыя паўгадзіны, таму што адразу ж трэба ехаць з Лебедзева ў Маладзечна, пачынаецца змена прадаўца ў адной з абутковых крам.

Шостым прыйшоў таксама чалавек, які спяшаўся на ўборку.

Ванда Дзянісава паспяшалася на выбары, таму што да жанчыны прыехала сям’я. Удзень чакаюць гаспадарчыя клопаты, яна будзе занятая.

Восьмым прагаласаваў яшчэ адзін работнік сельскай гаспадаркі, які так хутка пабег на працу, што нават не паспеў назвацца.

Дзявятым на ўчастку прагаласаваў Дзмітры Пагуца. Пакуль мужчына выконваў грамадзянскі доўг, ля дзвярэй ДК паслухмяна чакаў гаспадара сабака Сонэс. Мужчына працуе дома рэзчыкам па дрэве. Сказаў, што дома шмат працы, таму вырашыў выканаць справу чым раней.

Тут на ўчастак прыйшоў жыхар, які забыў пашпарт. Яго адправілі за дакументамі.

Дзясятай за першыя паўгадзіны прагаласавала Ганна Міхайлоўская. Жанчына палічыла, што пазней на ўчастку будзе вялікі натоўп. Таму вырашыла прыйсці рана, пакуль тут свабадней.

Некалькі разоў за гэты час члены камісіі апрацоўвалі кабінкі і ручкі, а таксама сталы дэзінфікуючым сродкам.

За першы ўдзел у галасаванні прадугледжаны падарунак.

Фота Сяргея Лескеця.