Фота Зоі Хруцкай.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла днём 9 жніўня ў эфіры дзяржаўнага Агенцтва тэлевізійных навінаў, што апоўдні яўка на прэзідэнцкіх выбарах (з улікам датэрміновага галасаваньня) склала 54%. Гэта значыць, што выбары адбыліся.

Бар’ер у 50% яўкі пераадолелі ўсе рэгіёны, акрамя Мінску, сцьвярджае Ярмошына. Звыш 60% яўкі было ў Гомельскай і Магілёўскай вобласці — 66% і 63% адпаведна. У Мінску — 43%. Ярмошына згадала, што ў Мінску ўтвараюцца чэргі на выбарчыя ўчасткі, а таксама ідуць скаргі ад незалежных назіральнікаў.

«Складваецца ўражанне, што скаргі падаюць практычна адны і тыя ж людзі, некалькі дзясяткаў, — заявіла Ярмошына. — І, мяркуючы з ўсяго, ім абяцаная плата за падачу скаргаў, бо часцяком пытанне ўжо вырашанае ў тэрытарыяльнай камісіі, але ўсё адно ідзе скарга ў цэнтральную. Відавочна, здзельная аплата працы».

Ярмошына згадала, што з Віцебскай вобласці было 16 зваротаў грамадзянаў, а з Гомельскай — 10 («яны ўсе распісаныя, практычна ўсё неабгрунтавана»), у Мінскай вобласці — «асабліва шмат». Сярод скаргаў былі і нараканні на адсутнасьць штораў на кабінках для галасавання — Ярмошына адзначыла, што гэта не забаронена законам і адпавядае міжнародным стандартам.