Фота Настассі УТКІНАЙ.

Каля 21.30 пад будынкам РАУС Маладзечна сабраліся каля 20 чалавек – сваякі тых, каго затрымалі на сённяшняй акцыі пратэсту ў Маладзечне.

Па інфармацыі нашага карэспандэнта, які працуе на месцы, людзі ўсё падыходзяць. Хочуць даведацца пра лёс затрыманых родных, але на 21.30 пакуль ніхто з міліцыі не паведаміў пра іх.

Маладзечанка Алена Святоха ля будынка РАУС расказала карэспандэнту, што АМАП затрымаў яе мужа – акцёра Мінскага абласнога драмтэатра Паўла Святоху.

 Па словах Алены, яны з мужам гулялі. У нейкі момант амапаўцы затрымалі Паўла. Алена прасіла, каб яе ўзялі разам з мужам. А цяпер прыйшла да РАУС.

З будынка РАУС выйшлі мужчыны ў адзенні колеру хакі, селі ў “хуткую дапамогу” і кудысьці паехалі. Людзям нічога не сказалі.

Каля 21.45 з РАУС выйшаў чалавек. Ён запытваў і запісваў прозвішчы затрыманых, каб высветліць, ці ёсць яны ў РАУС.