10 жніўня на цэнтральнай плошчы, гарадскім парку і па вуліцы Вялікі Гасцінец супрацоўнікі міліцыі зноў затрымлівалі людзей. Нашы карэспандэнты знаходзіліся на месцы падзей.
Нагадаем, што ўчора ў Маладзечне была акцыя пратэсту. Па словах відавочцаў, увечары, 9 жніўня, каля трохсот чалавек сабралася і на плошчы ў Вілейцы.
Пасля шасці вечара 10 жніўня на плошчы ў Маладзечне няшмат людзей. Плошчу і парк патрулявалі міліцыянеры і вайскоўцы з сабакамі.
На плошчы яны падыходзяць да людзей, правяраюць сумкі.
Каля 19:30 пачаліся затрыманні. Людзі пачалі ісці ў бок месца, дзе адбыліся затрыманні.



Каля 19.40 каля сотні людзей ўсталі перад АМАПам на калені, кажуць «Мы з мірам». А іх выцягваюць па аднаму і затрымліваюць.
Каля 19:50 пратэстоўцы звяртаюцца да АМАП: «Чаму ў іншых гарадах амапаўцы склалі перад людзьмі шчыты. А вы не?»
Каля 19:55 людзей становіцца больш. Усе стаяць на каленях перад шчытамі. Некаторыя заклікаюць АМАП да сумлення.
АМАП у адказ: «Грамадзяне, разыходзьцеся! Дадзенае мерапрыемства несанкцыянаванае!»
Каля 20:00 першая хваля затрыманняў скончылася. На каленях засталося стаяць некалькі чалавек. Астатнія сабраліся ў групу.

Каля 20:20 пачался другая хваля затрыманняў. АМАП хапае людзей і жорстка збівае.
Пад’ехала “хуткая” кагосьці занеслі ў яе на насілках. Верагодна, гэта вайсковец, які ляжаў на плошчы пасля таго як шарэнга вайскоўцаў сутыкнулася з людзьмі.
Усяго стаіць тры “хуткія”.
Каля 20:50 людзі, якія выпадкова аказаліся на плошчы, з-за перакрытай дарогі не могуць трапіць на вакзал. Пратэстоўцы скандуюць «Міліцыя з народам!», «Лукашэнка, ухадзі!», просяць АМАП скласці шчыты.


21:00 – АМАП размеркаваўся па розных кутках парка. Пагражаюць журналістам.
Каля шостай гімназіі і на скрыжаванні каля “Елгавы” – вялікія заторы.
Каля 21:40 – людзі з пад’ездаў бліжэйшых дамоў запрашаюць пратэстоўцаў хавацца.
Каля 22:00 – затор расцягнуўся ад шостай гімназіі да крамы “Рублёўскі”. Машыны і аўтобус сігналяць у знак салідарнасці.
Амапаўцы дасталі зброю і ўжо стралялі на скрыжаванні Вялікі Гасцінец-Багдана Хмяльніцкага.
22:15 – машына ДАІ перакрыла скрыжаванне каля крамы “Рублёўскі”. Людзі ругаюцца з ДАІ. Работнік ДАІ дастае зброю.
Людзі скандуюць “Пакладзі аўтамат!”
Людзі крычаць ДАІ “з’язджай!”. Машына з’ехала, пратэстоўцы заапладзіравалі.
22:20 – у двары на лаўцы ляжыць мужчына. Яму выклікалі “хуткую”. Людзі не могуць пацвердзіць, ці быў ён сярод пратэстоўцаў.
Каля 22:35 амапаўцы прыцягнулі некалькі чалавек, паклалі на зямлю каля дома 64, што на Вялікім Гасцінцы, і сталі моцна збіваць. Побач стаіць начальнік Маладзечанскага РАУС.
Каля 22:50 машына збіла чалавека, верагодна пратэстоўца. Яго шпіталізавалі.
Каля 23:00 асноўная частка людзей перамясцілася на скрыжаванне Вялікі Гасцінец-Касманаўтаў.
Некалькі сведак пацвердзілі, што на Касманаўтаў, каля бара “Блэк фокс” узарвалі светла-шумавую гранату.
23:30 – людзі рушылі ў цэнтр. Па словах сведак, там стаіць аўтазак.
Прыкладна ў дванадцаць гадзін ночы асноўная частка супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў з’ехалі з цэнтру горада. Пратэстоўцаў на вуліцах Маладзечна не бачна.
Фота Настассі УТКІНАЙ.