9 жніўня ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары. Вечарам маладзечанцы выйшлі на плошчу, а іх разагналі міліцыянеры і амапаўцы — нашы карэспандэнты распавядаюць і паказваюць як гэта адбывалася.
Некалькі дзясяткаў людзей знаходзіліся ў гарадскім парку і на плошчы ўжо ў 20:00. З часам усё больш і больш людзей прыходзілі на цэнтральную плошчу Маладзечна.
ДАІ перакрыла вуліцу Віленскую і дарогу ля гасцініцы. Машыны праязджалі толькі па Вялікаму Гасцінцу. Каля плошчы знаходзіліся некалькі машын міліцыі. А саму плошчу патрулявалі чатыры міліцыянеры. Яны перыядычна падыходзілі да людзей. Апошнім разам падышлі да мужчын, якія сядзелі на лаўцы з відам на помнік Леніна. Да іх падышло яшчэ больш людзей. Яны спрабавалі высветліць, чаму супрацоўнікі міліцыі ў масках.
— Нам жа кажуць, што каронавірусу няма! І раптам мы яго перамаглі, чаго вы ў масках тады, — звярнулася да міліцыянераў жанчына. Супрацоўнікі спрабавалі нешта патлумачыць, але ў хуткім часе да іх падышлі калегі і яны сышлі ад людзей.
Каля 21:00 маладыя людзі пранеслі бел-чырвона-белы сцяг. Людзі сустрэлі іх апладысментамі, скандзіравалі «Жыве Беларусь».



Праз 10 хвілін з боку райвыканкама ў бок плошчы вышлі супрацоўнікі міліцыі. Іх было каля двух дзясяткаў. Яны сталі ў шарэнгу насупраць людзей. Людзі спачатку збіраліся адысці ў бок парку, аднак спыніліся і стаялі ў 10-15 метрах ад міліцыянераў.


Па ацэнках нашых карэспандэнтаў на плошчы знаходзіліся каля 40 міліцыянераў ва ўніформе і цывільным. У форме ля натоўпу былі 29 міліцыянераў, адзін афіцэр з відэакамерай і яшчэ адзін афіцэр, які ўвесь час раіўся па рацыі.


Людзі размаўлялі з міліцыянерамі, аднак яны нічога не адказвалі. Працяглы час натоўп скандаваў «Міліцыя з народам», «Мы — ваш народ».
Нехта прынёс калонку, на якой уключылі «Муры» і «Перамен».

Бліжэй да 22:00 на плошчы з’явіліся міліцыянеры з бронекамізэлькамі і шчытамі — іх было дзечяць. Яны сталі спінай да астатніх міліцыянераў. Падчас іх з’яўлення на плошчы адключылі святло.

Пасля таго як выйшлі супрацоўнікі са шчытамі, прыехалі два бусы з АМАПам. Некалькі амапаўцамі падышлі да міліцыі. Прыкладна ў 22:30 натоўп рушыў у бок парку.
Колькасць людзей падлічыць было немагчыма.
Людзі не змаглі перайсці дарогу, туды хутка пад’ехаў АМАП. Нехта з натоўпу кінуў фаер. Супрацоўнікі міліцыі і АМАП пачалі падыходзіць да людзей з боку рынка, гасцініцы і райвыканкама.
Людзі пачалі бегчы ў розныя бакі. Карэспандэнты адзначылі, што супрацоўнікі АМАП ужылі сілу супраць мужчын і жанчын. Колькасць пацярпелых невядомая, як і колькасць людзей, якіх схапілі перад уваходам у парк.
Некаторыя людзі рушылі ў бок скрыжавання Вялікі Гасцінец — Багдана Хмяльніцкага. Значная колькасць натоўпу знаходзілася ў гарадскім парку.

У 23:26 да скрыжавання прыехаў аўтазак і два бусы з амапаўцамі. Яны праехалі ў двор дома №64 па Гасцінцу, рушылі зноў да плошчы. У бусах знаходзіліся дзяўчаты — магчыма, гэта адны з затрыманых.
Відавочцы распавялі, што бачылі жорсткія затрыманні.

Тым часам у парку былі некалькі дзясяткаў людзей, якія скандіравалі «Жыве Беларусь». Карэспандэнты сустрэлі ў парку маладога чалавека, які распавядаў, што амапаўцы некалькі разоў бегалі за людзямі, аднак нікога не змаглі схапіць.
Нагадаем, што ад 8:00 у Беларусі з’явіліся праблемы з інтэрнэтам. Пасля 20:00 не працавалі мэсэнджары, буйнейшыя парталы беларускіх навін. Да карэспандэнтаў падыходзілі людзі, цікавіліся, ці ведаюць, што адбываецца ў Мінску.
Супрацоўнікі міліцыі і АМАП заставаліся ля ўваходу ў парк. Там стаялі аўтазак, два бусы, машыны міліцыі і ДАІ.
У 0:20 некалькі дзясяткаў чалавек знаходзіліся на скрыжаванні Гасцінца і Хмяльніцкага.
У 0:31 яны рушылі да супрацоўнікаў АМАП. Амапаўцы сталі ў шарэнгу. З боку вуліцы Хмяльніцкага прыехаў бус, а людзі пачалі разбягацца ў двары і парк. Як распавядаюць нашы карэспандэнты, пасля людзі больш не збіраліся разам. Вялікі Гасцінец быў перакрыты яшчэ дзесьці гадзіну.
Посмотреть эту публикацию в InstagramВечар 9 жніўня ў Маладзечне #выбары2020 #молодечно #маладзечнагорадсонца #плошча #беларусь
Фота Настассі УТКІНАЙ.