АМАП захоплівае жыхароў у Лебедзеве. Фота Настассі Уткінай.

Сяргея Бігеля затрымалі 12 жніўня ў Лебедзеве Маладзечанскага раёна. Ён быў адным з тых, хто ішоў адносіць калектыўны зварот аб спыненні беззаконня і гвалту старшыні Лебедзеўскага сельвыканкама Тамары Дудзіч.

Ініцыяваў калектыўны зварот дэпутат Лебедзеўскага Савета дэпутатаў Аляксандр Грымаць.

Сёння ў Лебедзеве АМАП затрымліваў і збіваў жыхароў, якія неслі калектыўную заяву ў сельвыканкам (Фота, відэа)

Калі людзі ішлі да сельвыканкама, дарогу перакрыў бус, з якога выскачыла група супрацоўнікаў АМАП і затрымала чацвярых чалавек. Журналісты «Рэгіянальнай газеты» прысутнічалі пры затрыманні. Адзін з затрыманых, Сяргей Бігель, сёння ў бальніцы. Ён падзяліўся, што адбылося з ім пасля затрымання. Ніжэй яго словы:

«Убачыў што выбягае АМАП з бусіка. Адразу лёг на зямлю. Думаў, што біць не будуць, калі не буду аказваць супраціву.

Пачалі біць каля буса і працягнулі, ўжо загрузіўшы нас. Сашу Грымаця было чуваць, што б’юць больш за ўсіх. Хоць ён і казаў, што дэпутат, у мінулым сам міліцыянер. Пасля яго словаў яны яшчэ больш яго збівалі.

Ехалі да РАУС так: мы скручаныя ў «барані рог» на падлозе, яны проста сядзелі на нас і білі ўсю дарогу. Мне адзін з іх пачаў кудлаціць валасы на галаве, а другі сказаў «давай падпалім». Пачалі шчоўкаць запальнічкай. Пачуўшы гэта, вызваліў руку і хацеў прыкрыць галаву, але нехта з іх схапіў за палец і пачаў выкручваць са словамі «чё ты закрываешся, животное».

Нас білі час ад часу, а Сашу Грымаця ўсю дарогу! Мне яго вельмі шкада, да слёз, няхай бы яны далі мне частку яго ўдараў. Прывезлі на ўнутраны двор РАУС. Выгрузілі і паклалі тварам у асфальт, пачалі ізноў збіваць. Прыкрывацца не давалі, адбівалі нагамі рукі, калі прыкрываешся. Мяне білі удваіх, майго брата Віцю адзін, Віталіка Александровіча – адзін, а Сашу Грымаця ўтраіх! Як крыўдна было за тое, што з ім робяць!

Мне адзін з АМАПаўцаў наступаў нагой на твар, пашкодзіў акуляры. Сказаў глядзець прама ў зямлю. Калі я трошкі павярнуў галаву ў другі бок, ізноў наступіў нагой на твар.

Так мы ляжалі яшчэ гадзіны паўтары. Потым прыйшоў палкоўнік. Пачаў размаўляць з Грымацем і казаць яму, што раз перайшоў на іншы бок, то хай атрымлівае.

«Это организаторы», – сказаў ён, паказаўшы на мяне і Сашу, кіўнуў галавой і пайшоў. Нас ізноў пачалі лупіць. Па маёй спіне два разы нагамі нехта скокнуў. Потым пасля збіення мне на спіне выціралі майку, каб не было бачна слядоў.

Калі Сашу вялі на допыт, ён два разы зваліўся, тады яго павялі пад рукі. Я, хоць і пабіты, пайшоў сам. Было цяжка дыхаць, балела галава. Пасля допыту, калі мяне завялі ў так званы «стакан», папрасіў, каб мяне агледзелі медыкі. Медыкі, агледзеўшы мяне, сказалі, што мне патрэбна тэрміновая гаспіталізацыя. Было падазрэнне, што ў мяне зламаныя рэбры і крывацёк у галаву, бо зрачкі розныя.

Міліцыянер пачаў ім казаць, што шпіталізацыя не патрэбна, напішыце, што ўсё добра. Яны сказалі, што не пагодзяцца і папрасілі журнал на запіс гэтага выпадку.

Толькі тады ён пагадзіўся мяне аддаць у бальніцу. Дзякую медыкам. Каб яны мяне не забралі, было б горш. А так толькі страсенне мазгоў, шматлікія гематомы, разбітае брыво».