Пра гісторыю свайго назіральніцтва за выбарамі нам расказваюць з Новага ўчастку для галасавання №16 у Маладзечне.

Першыя дзве часткі дзённіка чытайце тут:

«Раней на выбары ішлі з усмешкай, а цяпер, як на памінкі». Дзённік назіральніка

 Ці дапаможа на ўчастку бінокль? Як я збірала подпісы і рыхтавалася да назірання на прэзідэнцкіх выбарах

Асноўны дзень выбараў. 9 жніўня

Дзень пачаўся для нас рана. Участак адкрыўся а 8 раніцы, мы прысутнічалі на апламбіроўцы ўрны.

У калідорчык, дзе назіралі цягам датэрміновага галасавання, прывезлі стол і вітрыны для гандлю, і нам месца не знайшлося. Мы размесціліся ля ганку на сваіх крэслах.

Для нашага самаадчування гэта добра – мы маглі сядзець на свежым паветры без масак, хаваючыся ў цяньку вялікай вярбы.

Але для назірання гэта, вядома, поўны правал: мы не бачылі, як выдаюцца бюлецені, не бачылі ўрны. Лічыць яўку таксама было скаладана – некаторыя людзі прыходзілі не галасаваць, а за кампанію, некаторыя памыляліся ўчасткам. Мы прымалі іх за галасуючых, бо не бачылі, што яны робяць унутры.

Непрыемнае і дзіўнае

Нам шмат разоў паўтаралі, што лішні назіральнік у памяшканні для галасавання – эпідэміялагічная небяспека. Тым часам 9 жніўня ў памяшканні для галасавання выступалі цэлыя ансамблі. У калідорчыку працавалі супрацоўнікі гандлю і дзяжурныя. Відаць, усе гэтыя людзі мелі такі ўзровень стэрыльнасці, які недасягальны для незалежнага назіральніка.

Спробы стварыць адчуванне свята на ўчастку былі дзіўныя. Расійская папса, якая грала з калонак. Дзяўчына ў касцюме клоўна, якая вітала дзетак. Ансамбль песні, які спяваў прыгожа, але ў пустэчу, бо ў час яго выступлення на ўчастку амаль не было людзей.

Цэлы дзень побач з намі працавалі супрацоўнікі міліцыі. Але ў той момант, калі да мяне пачаў чапляцца мужчына нападпітку, стаў тыкаць пашпартам мне ў твар і задаваць пытанні,  супрацоўніца міліцыі, што была ў некалькіх кроках, стаяла моўчкі.

Чутка пра булкі ў буфеце за 16 капеек хутка пранеслася па наваколлі. Бабулі па некалькі разоў прыходзілі на ўчастак, бралі іх цэлымі пакетамі. У некаторых булкі наадварот выклікалі іранічную рэакцыю:

“А што гэта зрабілася? Падзешавела мука рэзка? Што ж яны кожны дзень па 16 капеек не каштуюць?”.

Прыемнае і натхняльнае

Мы з напарніцай па назіранні вельмі чакалі асноўнага дня выбараў, каб атрымаць маральную кампенсацыю за папярэднія пяць дзён. Каб адчуць, як шмат людзей ведае, чаго хоча, кіруецца ўласнымі жаданнямі і патрэбамі, а не загадамі зверху. І мы гэта атрымалі.

Дзякуй кожнаму, хто казаў словы падтрымкі і кожнаму, хто нам усміхаўся. Дзякуй усім, хто прыносіў ваду і ежу – нашым сем’ям, незнаёмаму хлопцу Мацвею і дзяўчынам, імёны якіх я не запыталася. Дзякуй жанчыне з суседняга дому, якая гатовая была прынесці нам каву і пячэнькі. Ваша падтрымка вельмі адчувалася і дадавала нам сіл!

Некаторыя выбаршчыкі ўчытваліся ў нашыя бэйджы: “Незалежныя, так? Тады жыве Беларусь!”, або “Вы нашы, вы харошыя!”. Мы ж, каб заставацца сапраўды незалежнымі, нічога не казалі ў адказ.

Назіральнік – не юрыст і не адвакат

Многія выбаршчыкі не разумеюць функцый і абавязкаў назіральніка.

Адны хацелі ўдакладніць у нас межы ўчасткаў, а другія – запытацца аб выніках назірання. Але ж не дарма назіральнікаў назвалі менавіта назіральнікамі, а не “кансультантамі па выбарчым працэсе”. Мы можам толькі назіраць, фіксаваць парушэнні і ўказваць на іх старшыні камісіі.

Калі выбаршчык нечым незадаволены – адсутнасцю шторак або подпісамі членаў камісіі на яго бюлецені – яму не трэба пасярэдніцтва назіральніка. Ён мае поўнае права сам казаць аб гэтым старшыні камісіі.

Да таго ж назіральнік увогуле не можа кантактаваць з выбаршчыкамі. Мы абмяжоўваліся фразамі “добры дзень” і “да пабачэння”. Калі ж спробаў размаўляць стала надта шмат, давялося раздрукаваць таблічку з надпісам “выбачайце, але назіральнік не можа размаўляць з выбаршчыкамі” і паказваць яе людзям.

Камунікацыя праз свечкі і сэрцайкі

Ідэя з белай стужкай прыжылася – замест стужкі часам былі браслеты, бінты ці ніткі. Некаторыя забываліся пра стужку і выбіралі іншыя спосабы паказаць нам, што будуць галасаваць за перамены – складвалі далоні ў форме сэрца, паказвалі знак перамогі ці проста казалі, што “мы забыліся белыя браслеты”.

Адна жанчына перад уваходам на ўчастак дастала белыя царкоўныя свечкі і паказала іх нам са словамі “белага браслета няма, дык хоць белыя свечкі”.

Часам людзі прыходзілі галасаваць парамі ці групамі, дзе толькі адзін чалавек меў белую стужку. І хоць напрашвалася выснова, што яго блізкія маюць падобныя погляды, мы пазначалі аднаго чалавека.

Па маіх падліках людзей, якія відавочна паказалі сваю пазіцыю, было каля 300.

Вынікаў галасавання няма дагэтуль

Адчуванне ўнутранага маленькага свята скончылася роўна а 20:00, калі выбарчы ўчастак моўчкі закрылі знутры, нават не сказаўшы дыпламатычнага “ў сувязі з эпідабстаноўкай не можам запрасіць вас у будынак”.

Паколькі намесніца старшыні казала аб тым, што назіраць за падлікам праз вокны нам ніхто не забароніць, мы пайшлі пад вокны. Але там сустрэлі невядомага мужчыну, які сказаў, што ён вартаўнік і зваць яго “конь у паліто”. Пасля нашых спробаў падыйсці да вакна ён пачаў званіць у міліцыю.

Міліцыянт выйшаў да нас з участка і папрасіў “не правакаваць”. Тым часам за агароджай участка пачалі збірацца выбаршчыкі. На тэрыторыю іх не пускаў іншы вартаўнік, спасылаючыся на рэжымнасць аб’екту.

Каля 22:30 да назіральнікаў і выбаршчыкаў выйшла намесніца старшыні камісіі і паведаміла, што пратакол не будзе вывешаны і яна “ўпаўнамочаная паведаміць, што ўвесь матэрыял быў апячатаны і падлік будзе адбывацца ў выканкаме”. Вядома, гэта парушэнне Выбарчага кодэкса, людзі цудоўна гэта ведалі і сустрэлі словы намесніцы воклічамі “Ганьба!” і разыйшліся.

Мы ж ужо на наступны дзень скіравалі скаргі ў Тэрытарыяльную выбарчую камісію. Пры гэтым яе старшыня Ірына Нядвецкая сцвярджала, што пратакол не мог быць не вывешаны і мы “проста не паспелі з ім азнаёміцца”. Калі дарослыя людзі спрабуюць перакласці адказнасць адно на аднаго, а з цябе зрабіць дурня – гэта і абурае, і здзіўляе адначасова.

Яшчэ праз дзень мы падалі скаргу ў Маладзечанскую пракуратуру.

На дзень напісання тэксту (12 жніўня) амаль тры тысячы выбаршчыкаў з нашага ўчастка дагэтуль не ведаюць, як палічылі іх галасы.

Прыемны бонус назірання

Назіранне дало і нечаканы эфект – да мяне на вуліцах пачалі падыходзіць людзі, якія галасавалі на маім участку. Адзін хлопец падышоў і папрасіў мяне абняць, бо вельмі ўдзячны за працу назіральніка. Сямейная пара спыніла на вуліцы і пачала  дзякаваць і распытваць, чым скончылася назіранне. Неверагодна прыемна адчуваць, што людзі цэняць тваю працу. І я ўдзячная ім за неабыякавасць і заангажаванасць.

Хоць перыяд назірання быў цяжкі і маральна, і фізічна, я вельмі рада таму, што пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі. Асабліва гэта тычыцца маёй напарніцы па назіранні – яна шмат чаму навучыла і паказвала прыклад сваімі паводзінамі. Новыя юрыдычныя веды – таксама вялікі плюс.

Ці пайду я назіральнікам на наступных выбарах? Так, таму што веру, што яны будуць адкрытымі і галоснымі, бо высілкі тысячы назіральнікаў і выбаршыкаў па ўсёй краіне не могуць прайсці ўпустую.