Сваю першую вышыванку , якую зрабіла мама, Пётр Краўчанка апрануў у пяць год. Фота Радыё Свабода.

Вы ведалі, чаму беларускі палітык, дыпламат, гісторык, першы міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка лічыць сваёй радзімай Вілейшчыну і Мядзельшчыну? Што значыла ў яго жыцці Маладзечна? Як міністр адкрываў Беларусь для свету? І чаму ў 1991 годзе на сесіі Генасамблеі ААН упершыню ў гісторыі Беларусі ён з’явіўся ў вышыванцы? У юбілейныя для Пятра Кузьміча дні прапануем чытачам размову з ім.

Пётр Кузьміч нарадзіўся ў Смалявічах, дзе бацька працаваў старшынёй калгаса. Але прызнаўся, што сапраўднай радзімай лічыць Вілейшчыну і Мядзельшчыну:

– Мае карані з невялікай вёскі Літвінкі, што на ўскрайку мястэчка Куранец. Сёння вёска амаль супадае з геаграфічным абшарам мястэчка. З Літвінак мой дзед па маці – Сяргей Мількота. А бабуля нарадзілася ў 1906 годзе ў вёсцы Русакі, недалёка ад Княгініна. Бацька бабулі, Аляксандр, быў адным з першых адукаваных людзей на Мядзельшчыне. Ён жыў і працаваў лесніком у канцы 19 стагоддзя. Мы з гонарам прыгадваем у сям’і прадзеда. У яго было 14 дзяцей. Восем ці дзесяць чалавек з сям’і мелі музычныя інструменты і добра ігралі на іх у сямейным ансамблі, – расказвае пра свае карані Пётр Кузьміч.

– А што для вас – Маладзечна?

– Школьныя гады. У Маладзечна прыехаў у 1963 годзе. Спачатку хадзіў у Насілаўскую школу, потым – у маладзечанскую школу №5, а пасля – у школу №8. А яшчэ асоба кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага. Першы раз паланэз «Развітанне з радзімай» я пачуў чатырохгадовым хлопчыкам, калі жыў у Крывічах. 31 снежня з радыёпрыёмніка загучала прыгожая мелодыя. І мама сказала мне, што гэта паланэз.

– Вы былі выкладчыкам, навукоўцам, дэпутатам, міністрам. У якім амплуа адчувалі сябе больш утульна?

– Адназначна – гэта часы студэнцтва, аспірантуры, выкладчыцкай працы ў БДУ на гістарычным факультэце. У 25 год абараніў дысертацыю на тэму «Эканамічныя і культурныя сувязі БССР з замежнымі краінамі ў 1921-1932 гадах». Гэта была першая дысертацыя па гісторыі міжнародных адносін у Беларусі. Перыяд выкладання з улікам аспірантуры доўжыўся сем гадоў – ад 1972 да 1979 года.

– Чаму ж сышлі?

– Толькі таму, што мяне запрасілі працаваць у партыйныя органы. Я жыў у інтэрнаце, ужо меў дваіх дзяцей. Кватэру мог атрымаць праз 10- 20 год. А перайшоўшы ў партыйныя органы, праз два гады атрымаў нядрэнную кватэру. Як кандыдат навук атрымаў яшчэ і дадатковую плошчу – 20 квадратных метраў – для працоўнага кабінета. Гэта быў вымушаны пераход, звязаны з жыццёвымі абставінамі, клопатам пра сям’ю.

– Што ведаюць замежнікі пра Беларусь?

– Я быў прыкладна ў 150 краінах. Там у канцы 1980 – пачатку 1990-х Беларусь была тэра інкогніта – краіна невядомая, нягледзячы на тое, што ад 1945 года мы былі сябрамі ААН. Толькі некалькі соцень дыпламатаў ведалі пра Беларусь. А свет нават не здагадваўся, што ёсць такая краіна. Мая дзейнасць на працягу чатырох гадоў у якасці міністра была накіраваная на тое, каб з тэра інкогніта зрабіць краіну вядомую. Гэта быў прарыў у свет. Не толькі палітыка-дыпламатычны праз падпісанне міжнародных пагадненняў, але і інфармацыйны прарыў. У якасці асноўнага аргумента, каб выклікаць зацікаўленасць у іншых краін, я стаў выкарыстоўваць культуралогію – асобы Францыска Скарыны, Марка Шагала, Зміцера Шастаковіча, Ігара Стравінскага, Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі.

Мова культуры ўніверсальная. Чалавеку, які стаіць ля карціны беларускага мастака, не трэба расказваць, што там намалявана. Культура – самы просты шлях да сэрца замежнікаў.

– Што дарылі за мяжой у якасці прэзента?

– Манету, якую выпусціў яшчэ дзяржбанк СССР з выявай Скарыны і невялікі зборнік паэзіі Марка Шагала ў перакладах Рыгора Барадуліна на некалькіх мовах. Я набыў зборнік накладам дзвесце асобнікаў і дарыў усім – прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам, журналістам, каб яны даведаліся пра Беларусь, у якой нарадзіўся Марк Шагал. Такім чынам дзякуючы культуры, а пасля спартсменам, артыстам, прамысловай прадукцыі, дзякуючы таму, што мы адкрылі пасольствы ў 60 краінах свету, пра Беларусь даведаліся. Сёння гэта ўжо не тэра інкогніта.

Колькі замежных моў ведаеце? Ці карыстаецеся паслугамі перакладчыка?

– У свой час я нядрэнна ведаў іспанскую, але абсалютна не ведаў англійскай. У пятай школе ў Маладзечне вучыў нямецкую мову, ва ўніверсітэце – іспанскую. Напрыклад, з міністрам замежных спраў Чылі ў Нью-Ёрку размаўляў па-іспанску. Англійская запатрабаваная больш. Мусіў вучыць яе. Цяпер не на самым высокім узроўні магу размаўляць па-англійску. Але на працягу многіх гадоў карыстаўся паслугамі перакладчыка. Лічу, што гэта правільны падыход. Калі гаворыцца фраза па-англійску, а пасля перакладчык яе некаторы час перакладае, можна добра прадумаць адказ. Калі ж застаешся тэт-а-тэт і можаш сказаць некалькі слоў суразмоўцы ад сябе, гэта таксама вельмі нядрэнна.

– Можа, вашы дзеці пайшлі ў дыпламаты?

– У нас з жонкай сын і дачка. Яны закончылі факультэт міжнародных зносін, але ні дня не працавалі ў дыпламатычных адносінах. 

– 70 год – гэта многа ці мала?

– Гэта столькі, колькі ёсць. Але цяжару гадоў я не адчуваю. Падаецца, што я такі, як і ў 20 год. Адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, жыву за горадам, у Раўбічах.

Нядаўна пабудаваў дом. Будаваў 30 год – пачаў у канцы 1989 года і днямі скончыў. Чаму так доўга? Бо будаваў за свой заробак, сумленна.

Сваімі рукамі пасадзіў сад з дзесяці дрэў, побач – лес і возера. Усё, што трэба для жыцця, у мяне ёсць – спакой, клопат і ўвага родных і сяброў. А яшчэ я ўдзячны радзіме, што дала мне магчымасць прадстаўляць Беларусь у свеце.

Яркія цытаты ад Пятра Краўчанкі

Пра раёны Крывіцкі і Мядзельскі

– У пачатку 1950-х быў Крывіцкі раён. У народзе хадзіла прымаўка: «Максім Танк і Сяргей Прытыцкі прапілі раён Крывіцкі». Калі паўстала пытанне, які раён скасаваць: Мядзельскі ці Крывіцкі, нібыта Максім Танк сказаў Прытыцкаму, каб не чапаў Мядзельшчыну – родны раён паэта.

– Яўгена Іванавіча Скурко я пасля добра ведаў, сябраваў з ім. Маю дзесяць кніг з яго аўтографам. Неяк я спытаў у яго, ці праўда, што яны з Прытыцкім дамовіліся наконт скасавання Крывіцкага раёна. Паэт засмяяўся і сказаў, што такога не было. Я веру Яўгену Іванавічу.

Пра мову 

– Трэба вяртацца да каранёў, да мовы. Без мовы няма нацыі, няма незалежнасці. Як аўтар Закона аб мовах БССР, які я распрацоўваў разам з Нілам Гілевічам і Барысам Сачанкам, я заклікаю ўсіх бацькоў не цурацца мовы, штодзённа выкарыстоўваць яе. Калі немагчыма штодзённа, хаця б тады, калі сям’я збіраецца разам, калі нейкае сямейнае свята. Нашы дзеці і ўнукі павінны чуць, як гучыць беларускае слова.

Пра вышыванку

– Калі ў 1991 годзе на сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку я першы раз у нашай гісторыі як міністр апрануў вышыванку і выйшаў на трыбуну самай знакамітай міжнароднай арганізацыі, многія лічылі, што гэта пазёрства. Некаторыя мае дарадцы, дыпламаты казалі: «Што вы робіце? Усе ж будуць з вас смяяцца». Але свет, калі ўбачыў мяне ў вышыванцы, не смяяўся, а зацікавіўся. На гэта я і разлічваў. Пасля выступлення журналісты запыталі, адкуль вышыванка і якія перспектывы яе чакаюць. Я сказаў, што Беларусь мае свой нацыянальны строй.

Адзначыў, што пройдзе некалькі год і вышыванка стане абавязковым нацыянальным строем для залатой моладзі Беларусі.

І мы будзем ганарыцца тым, што маем вышыванку. Аказалася, стаў прарокам. А першую вышыванку я апрануў у пяць гадоў. Мне вышыла яе маці.

• Текст доступен на языке: Русский