Сёння, каля 18.00, больш за сотню медыкаў, выйшла на скрыжаванне ля дзіцячай паліклінікі ў Маладзечне.
На іх плакатах былі лозунгі супраць гвалту і за справядлівыя выбары.

На пытанне, чаму ён сёння тут, адказаў участковы доктар-педыятар дзіцячай паліклінікі Ілля Монід:
– Я катэгарычна супраць таго гвалту, які адбываўся апошнімі днямі ў Жодзіне, на Акрэсціна. А яшчэ я лічу, што на выбарах у мяне скралі мой голас. І не толькі ў мяне. Мы за мірны дыялог, за мірнае вырашэнне пытання. Прыйшоў сюды, каб выказаць сваю салідарнасць пацярпелымі, каб паказаць, што медыкі з народам. Уся наша дзіцячая паліклініка – з намі.
– Мы – за дэмакратыю, за свабодныя выбары. Хочам талковага прэзідэнта, які выведзе нас з эканамічнай ямы. Проста хочам жыць, як усе цывілізаваныя людзі, – дадае медсястра Руслана Мікалаеўна.
Медыкі таксама сказалі, што іх начальства ў курсе акцыі, але захоўвае нейтралітэт.
Фота аўтара.