Удзельнікі нядаўняй акцыі ў Вашынтоне. Фота naviny.by.

Выпускнік СШ №5 Маладзечна, які цяпер жыве ў Вашынгтоне, праз нашу газету звяртаецца да дырэктара сваёй школы Яўгена Макарэвіча:

«Паважаны Яўген Васільевіч! Як былы выпускнік СШ №5 я адчуў гонар, калі прачытаў у «Рэгіянальнай газеце» пра вашы сумленныя дзеянні падчас выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мне вельмі прыемна даведацца, што ў нашай школе працягваюць выкладаць такія годныя настаўнікі, якія па-сапраўднаму любяць нашу родную Беларусь.

Я ганаруся тым, што калісьці вучыўся ў школе, якую Вы зараз узначальваеце.

Я хачу вас запэўніць, што мы, беларусы, якія цяпер жывуць за мяжой, уважліва сочым за тымі важнымі і страшнымі падзеямі, якія адбываюцца ў гэтыя дні. І мы выказваем падтрымку нашаму народу, які цяпер адчуў сябе здольным самому вырашаць свой лёс. У гэтыя дні многія з нас праводзяць мітынгі на вуліцах гарадоў па ўсім свеце, каб выказаць сваю салідарнасць з суайчыннікамі.

Так, сёння я з маімі сябрамі-маладзечанцамі і яшчэ з 50 іншымі беларусамі выйшлі на акцыю каля Белага Дома ў Вашынгтоне, каб прыцягнуць увагу грамадскасці і ўрада ЗША да фактаў фальсіфікацый выбараў у Рэспубліцы Беларусь і да актаў гвалту над бяззбройнымі людзьмі ў Мінску і па ўсёй краіне. Народ Беларусі заслугоўвае лепшай будучыні.

І я ўпэўнены, што з такімі настаўнікамі, як Вы, Яўген Васільевіч, у нас усё атрымаецца.

З павагай, Юрый Лукашэвіч»