Журналісты «Рэгіянальнай газеты» сумленна і аб’ектыўна асвятляюць палітычныя падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне. 

Апошні тыдзень мы пераважна працавалі ў Маладзечанскім раёне, прысутнічалі на ўсіх галоўных падзеях. Фіксаваць і асвятляць падзеі, якія адбываюцца цяпер – не толькі наш прафесійны абавязак і місія, але і законнае права, гарантаванае Канстытуцый Рэспублікі Беларусь. А права нашых чытачоў – атрымліваць праўдзівую інфармацыю, і гэтае права таксама гарантуюць артыкулы 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

За апошнія дні на журналістаў «Рэгіянальнай газеты» замахваліся дубінкамі супрацоўнікі АМАП, незаконна прымушалі спыніць здымку, пагражалі, вайскоўцы незаконна загадвалі сысці з месца падзей, за намі сачылі. Мы заяўляем, што гэта парушае нашы прафесійныя і асабістыя правы, а таксама права чытачоў на атрыманне інфармацыі.

Наша задача – інфармаваць пра тое, што адбываецца і захаваць гэта ў гісторыі. Папярэджваем: перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста парушае артыкул 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, санкцыя якога прадугледжвае да трох год пазбаўлення свабоды.