Затрыманне ў Лебедзеве. Фота Настассі Уткінай.

Дэпутат Лебедзеўскага Савета дэпутатаў Аляксандр Грымаць сёння ўсё ж даслаў старшыні сельвыканкама Тамары Дудзіч калектыўны зварот ад жыхароў мястэчка. 

Гэта той самы калектыўны зварот ад жыхароў Лебедзева, у якім заклікаюць спыніць бяспраўе і гвалт. Яго падпісала восем мясцовых жыхароў. Калі людзі ішлі заносіць зварот да улады, дарогу перагарадзіў АМАП. Яны пачалі збіваць людзей, чатырох мужчын затрымалі – дэпутата Аляксандра Грымаця, жыхароў Сяргея Бігеля, Віктара Бігеля, Віталя Александровіча.

«У бусіку амапаўцы сядзелі на нас і білі ўсю дарогу». Што абылося з затрыманымі ўчора ў Лебедзеве

Той зварот падпісала восем жыхароў Лебедзева. Пасля затрымання дакумент знайшлі мясцовыя жыхары. На ім застаўся след ад АМАПаўскага берца, ён крыху парваны. Дакумент захавалі лебедзеўцы.

– Асцярожна ноччу, крадучыся, прынеслі зварот мне, – расказвае дэпутат Грымаць. – Таму сёння я буду яго зноў падаваць. Але ўжо не ісці ў сельвыканкам, а адпраўлю па пошце заказным лістом. Хаця пошта і сельвыканкам – суседнія будынкі. Таму што лічу, што раз жыхары падпісаліся, зварот трэба данесці, па-іншаму не магу.