Маладзечанка Вольга Масевіч цяпер жыве ў Рыме.

Вольга Масевіч некалькі год жыве ў Рыме. Выкладае па інтэрнэту нямецкую і італьянскую мовы. А пачыналася яе гісторыя ў Маладзечне, дзе Воля нарадзілася, вучылася ў пятай школе, дзе зацікавілася нямецкай мовай.

З дзяцінства ведала: буду настаўніцай нямецкай мовы

– Маладзечна заўжды быў i ёсць мiлы майму сэрцу горад. Не толькi таму, што тут нарадзiлася, але таму, што ёсць светлыя ўспамiны з дзяцiнства пра фестываль, пра сяброў, пра людзей, пра каханне. Горад цудоўны. Шмат месцаў, якiя вабяць вока. Гэта i парк, i плошчы, i вулачкi, – прыгадвае Воля родны горад.

Пасля школы дзяўчына паступiла на факультэт нямецкай мовы лінгвістычнага ўніверсітэта. Кажа, што з дзiцячага садка ведала: будзе настаўнiцай нямецкай.

– Вельмi падабалася гэтая мова, хоць для вывучэння дастаткова цяжкая, – дзеліцца суразмоўца. Вучоба ва ўніверсітэце праляцела хутка. Можа таму, што мне падабалася вучыцца. Мне заўжды спрыяў лёс з нямецкай мовай. Родная пятая школа супрацоўнiчае ўжо больш за 20 гадоў з гiмназiяй у горадзе Гётынген, у Германii. Вучнi могуць паехаць на год вучобы i дасканала вывучаць мову ў гiмназii. Я таксама была стыпендыяткай гэтай гiмназii.

Пасля заканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта Вольга працавала ў пятай школе два гады.

Кажа, нават не было сумненняў, куды ехаць працаваць: толькі Маладзечна, толькі пятая школа.

Гады працы ў школе Вольга прыгадвае з усмешкай. Не адмаўляе: было цяжка, але займалася справай, пра якую заўжды марыла. Вучні слухаліся. Настаўніца спадзяецца, што ёй удалося адкрыць свет нямецкай мовы для вучняў.

Кажа, што некаторыя з іх пасля школы абралі сваёй спецыяльнасцю нямецкую мову. Настаўніца верыць, што ў гэтым ёсць яе ўплыў.

Практыкавала іспанскую мову і не думала пра замужжа

– На факультэце можна было вывучаць больш за дзве мовы. Я заўжды была здольная да фiлалагiчных навук, таму вывучыла яшчэ англiйскую i iтальянскую, – прыгадвае Вольга студэнцкія гады.

Воля з мужам.

З будучым мужам, Алясандра, жыхаром Рыма, Вольга пазнаёмілася ў 18 год, калі адпачывала ў Гродне. Доўгi час маладыя людзі перапiсвалiся, сябравалі.

– Для мяне была магчымасць практыкаваць iтальянскую мову. Пра замужжа нават i не думала. Наша сяброўства цягнулася больш за пяць год. І вiдаць, перарасло ў каханне, – распавядае суразмоўца.

У 2015 маладыя заручылiся ў Рыме. Вольга засталася на сваім прозвішчы, бо ў Італіі жанчына не бярэ прозвішча мужа пасля шлюбу.

Сёння сям’я выхоўвае сына і дачку. Калі сын пойдзе ў дзіцячы садок, Вольга будзе ўдзельнічаць у конкурсе, каб атрымаць месца ў дзяржаўнай школе. Пакуль яе дыпломы – на пацвярджэнні ў Міністэрстве ведаў.

Як паўплываў каронавірус на жыццё ў Італіі

– Рым – горад прыгожы, музей пад адкрытым небам. Куды ні глянь – паўстаюць гiстарычныя муры, фантаны, катэдры. Еўрапейскiя вузенькiя вулачкi, шмат кветак, iнтэрнацыянальны кантынгент, расказвае суразмоўца.

Па яе назіраннях, менталiтэт iтальянцаў асабліва не адрознiваецца ад беларускага. Iтальянцы – добразычлiвыя гасцiнныя.

Як расказала Вольга, цяпер у Iталii вялiкi эканамiчны крызic. Моладзь сядзiць без працы, няма дзяржаўнай падтрымкi. Многiя едуць працаваць у Англiю, Германію, Аўстрыю.

На жыццё мясцовых вельмі паўплывала сёлетняя пандэмія. Амаль два месяцы людзі не выходзілі з кватэр. Не працавалі прадпрыемствы, толькі – крамы i аптэкі. Але людзі паслухмяна выконвалi прадпiсаннi медыкаў. І на сёння вірус у Італіі не перамаглі: шмат інфіцыраваных, цяжкахворых.

Жыццё ў Італіі дарагое

У Італі вельмi дарагiя прадукты. Напрыклад, літр малака каштуе паўтара еўра, а то i даражэй. Каб набыць самае неабходнае, трэба не менш за сто еўра.

Калi не купляць адзенне i касметыку, на сям’ю з чатырох чалавек трэба не менш за 600 еўра на месяц.

Шмат італьянцаў жывуць у крэдыт. Гэта звычайнае справа ў Еуропе. Крэдыт бяруць на ўсё – на машыну, на жыллё, на мэблю. Па словах Вольгі, больш шанцуе таму, хто атрымлiвае спадчыну. Многiя так i жывуць, за кошт спадчыны, і не працуюць.

– Напрыклад, у Рыме «камуналка» ад 180 еўра да 800 еўра на месяц. Наняць кватэру – ад сямісот да дзвюх тысяч еўра на месяц. Хто мае больш, чым адну кватэру, жывуць за грошы ад здачы адной з іх, – расказвае Вольга.

З-за пандэміі Вольга сёлета не змагла трапіць на радзіму. І ад гэтага вельмі крыўдна:

– Калі прыязджаю ў родны горад – гэта заўсёды свята. Аж дух захоплівае, калі цягнік спыняецца ў Маладзечне. Тым, хто жыве блізка ад бацькоў, гэтага не зразумець, – лічыць Вольга.

Фота з асабістага архіва Вольгі Масевіч.