Педагогі Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната.

Сёння, 15 жніўня, да традыцыйнай акцыі на Вялікім Гасцінцы далучыліся педагогі з некаторых школ Маладзечна. На 13.00 іх было да 20 чалавек – прадстаўнікі школ №4 і №8, 10 гімназіі, настаўніца-пенсіянерка з 11 СШ. Самай шматлікай была дэлегацыя санаторнай школы-інтэрната Маладзечна.

Таксама былі вучні і выпускнікі некаторых школ. Педагогі расказалі карэспандэнту, чаму яны сёння тут.

Настаўніца пачатковых класаў Маладзечанскай СШ №8 Таццяна Уладзіміраўна (справа) на акцыі сустрэла сваю выпускніцу Паліну.

Таццяна Уладзіміраўна, СШ №8: Я была членам камісіі і лічыла праўдзіва

Настаўніца пачатковых класаў Таццяна Уладзіміраўна працуе ў СШ №8. На акцыі яна выпадкова сустрэла сваю ранейшую вучаніцу – маладзечанку Паліну.

– Сёння я тут – на мірнай акцыі. Нікога не баюся. Я ж не раблю нешта незаконнае, не парушаю Канстытуцыю. Такім чынам выражаю сваю думку, – тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна. – Мы бачым, што адбываецца ў краіне. Каб былі праўдзівыя выбары, гэтага не было. Не было б столькі слёз, гора і загінулых.

Я лічу,  настаўнікам цяпер вельмі важна выходзіць на падобныя акцыі. Цяпер шмат негатыву ў іх бок. Хаця многія – дастойныя людзі. Не ўсе ж сядзелі на выбарах.

А я была членам камісіі на ўчастку №35, што на вуліцы Тамары Дудко. І на нашым участку перамагла Ціханоўская. Мы палічылі праўдзіва. У Ціханоўскай – значная перавага.

Маладзечанка Паліна падтрымлівае сваю першую настаўніцу. Кажа, што і яна супраць фальсіфікацыі выбараў, супраць гвалту і вайны.

Валанцёры прыносілі ежу і пітво настаўнікам і іншым удзельнікам акцыі.
Сям’я Тархан.

Ірына Тархан, санаторная школа-інтэрнат: Хочацца, каб слова «настаўнік» гучала горда

Ірына Тархан  прыйшла на акцыю як выхавацель санаторнай школы-інтэрната і як мама дачкі і сына:

– Мы зразумелі, што трэба выходзіць і неяк ратаваць імя настаўніка.

За апошнія дні слова «настаўнік» – гэта асацыяцыя з фальшам, брудам, фальсіфікацыяй.

Усе мы вучыліся ў школе. У нас ёсць са школы і светлыя ўспаміны, і любімыя педагогі. Мы праз усё жыццё нясём найлепшыя ўспаміны пра сваіх настаўнікаў. Хай і нашы дзеці добра ўспамінаюць сваіх педагогаў у дарослым жыцці.

Хочацца, каб слова «настаўнік» гучала горда.

Мае дзеці вельмі любяць сваіх настаўнікаў. Дачка Арына, ужо выпускніца, з цеплынёй згадвае першую настаўніцу з дзясятай гімназіі – Валянціну Аляксандраўну Дзятковіч. Сын Міша не дачакаецца, калі зможа ўбачыць сваю настаўніцу з гімназіі №6, Наталію Васільеўну Абуховіч. Мы вучым дзяцей любіць і паважаць сваіх настаўнікаў.

Гімназія №10, школа №4.

Ніна Жук, гімназія №10: На акцыі – мае выпускніцы. І я паважаю іх грамадзянскую пазіцыю

– Сёння нас магло б быць больш. Але ж лета – настаўнікі ў адпачынках. Ведаю, што сёння мая калега-маладзечанка выходзіць на акцыю ў Смаргоні, бо яна цяпер там, – кажа настаўніца матэматыкі гімназіі №10 Ніна Аляксандраўна Жук (другая справа). – Стаю за чэсных настаўнікаў, супраць гвалту, супраць дзеянняў сілавікоў і таго, што робіцца сёння, за праўдзівыя выбары. Стаю, бо не магу па-іншаму.

Я ўжо казала калегам: калі б кожны з вас праўдзіва палічыў галасы, то сёння спаў бы спакойна. І магчыма, наша радзіма не атрымлівала збітымі сваіх дзяцей.

Я чалавек адкрыты. Прапанавала калегам выйсці прагуляцца супраць гвалту і беззаконня, і хто пажадаў, – той сёння з намі. Учора нехта быў на плошчы, нехта – ля райвыканкама.

Нашы дзеці прыйшлі і вывесілі на плот каля гімназіі свае граматы і выпускныя стужкі. А праз 20 хвілін усё гэта знялі. А дзеці стаялі і глядзелі. А пасля сказалі: мы яшчэ вернемся.

Але я папрасіла дзяцей напісаць пасты пра тое, што ёсць чэсныя настаўнікі, якія стаяць тут. Сёння з намі мае выпускніцы – дзяўчынкі, у якіх я была класным кіраўніком. Я вітаю іх учынак. Гэта грамадзянская пазіцыя. Перад выбарамі я напісала пост у групе сваіх дзяцей. Не агітавала. Але сказала: вы цяпер ужо дарослыя, паўналетнія, прагаласуйце. І хай ваш голас пачуюць.

Я не апазіцыянер, не палітык. Але майго брата і майго пляменніка затрымалі ў розных месцах Мінска 9 жніўня, калі яны вярталіся з працы. Аднаго білі, пакуль везлі ў Жодзіна. Другога білі на Акрэсціна. Чацвёра сутак мы не маглі знайсці роднага чалавека. Я стаю і за іх таксама.

Ніна Аляксандраўна і яе калегі, што выйшлі на акцыю, лічаць, што прэстыж настаўніцкай прафесіі вельмі ўпаў. А гэтай акцыяй педагогі спрабуюць яго падняць.

Лілія Калеснікава, СШ №4: Я – сумленны настаўнік

– Лапш, чым сказала калега, Ніна Аляксандраўна, не скажаш. Я стаю тут ужо трэці дзень. У мяне таксама сямейная драма. Сына затрымалі 14 ліпеня ў Мінску, калі не зарэгістравалі Віктара Бабарыку. Вялікі дзякуй усім беларусам. Той штраф, што яму прысудзілі, вельмі хутка сабралі. Але мы яшчэ не плацілі і спадзяемся, што не трэба будзе плаціць. Судзілі па двух артыкулах – удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыествах і супраціўленне супрацоўніку міліцыі. Я – сумленны настаўнік.

Маладзечанец Міша Тархан любіць сваю настаўніцу і ўжо хоча ў школу.

Алена, пенсіянерка, былая настаўніца СШ №11: Маё месца тут

Алена выкладала фізіку ў СШ №11. Цяпер – на пенсіі. На акцыі стаіць трэці дзень:

– Калі ўбачыла жанчын на акцыі, зразумела: маё месца тут. Учора была на плошчы. Буду выходзіць кожны дзень. Я бачыла жахлівыя здымкі з затрыманняў. Ёсць пабітыя і затрыманыя сярод маіх знаёмых. Мяне абураюць зверскія адносіны да людзей. Не магу сядзець, калі такое робіцца ў нашай краіне. Цяпер важна выходзіць не толькі настаўнікам, а ўсім.

Нават мая мама, якой 80 год, ужо думае пра тое, каб сюды прыйсці. Яна неяк хадзіла па справах, у краму, і таксама крыху пастаяла на акцыі. Яна – з намі.

Кіроўцы падтрымліваюць удзельнікаў акцыі.

Фота аўтара.