Жыхары Маладзечна стварылі ініцыятыўную групу. У ёй 12 гараджан. Група дабіваецца сустрэчы старшыні райвыканкама Юрыя Горлава з маладзечанцамі, каб данеслі да яго свае патрабаванні. Лідар ініцыятыўнай групы — маладзечанец, бацька дваіх дзяцей, былы работнік Дэпартамента аховы, маёр міліцыі, які цяпер на пенсіі — Валеры Савіцкі.

Наш карэспандэнт задаў Валерыю некалькі пытанняў.

— Раскажыце, чаму вы тут?

— У нас у вайберы ёсць суполка аднакласнікаў. Наш клас быў вельмі дружны. У групе пачалі абмяркоўваць падзеі апошніх дзён. Вырашылі сабрацца і схадзіць у Маладзечанскаі райвыканкам, да старшыні. Па чатах пачала хадзіць выява, што сустрэчу прапануюць зладзіць у 15.00, каб у старшыні не скончыўся працоўны дзень. Патэлефанаваў у выканкам, сказаў: хачу сустрэцца са старшынёй. Аднакласнікам скінуў паведамленні, што сустрэча ў 15. На плошчы быў раней, у 14. Мяне знайшлі сябры суполкі «Краіна для жыцця». Мы падышлі да выканкама, там былі яшчэ людзі. Сабралася каля ста чалавек.

Зайшлі ў райвыканкам, запрасілі старшыню. Ён выйшаў. З ім — начальнік Маладзечанскага РАУС і пракурор.

У мяне было галоўнае пытанне: калі адпусцяць людзей. І чаму, калі людзей затрымліваюць, абіраюць меру стрымання — менавіта знаходжанне ў СІЗА? Яны ж нікуды не падзенуцца з краіны, не акажуць ціск на следства. Навошта жорсткасць, навошта затрымліваць, саджаць?

Як былы супрацоўнік МУС, я ведаю, што гэта значыць: сядзець у СІЗА. А АМАП і ў СІЗА, і на вуліцы паводзяць сябе як акупанты.

Я сам юрыст. Разумею: калі мы хочам нечага ад улады, трэба патрабаваць гэтага. Патрабаваць цывілізавана. Таму, перш за ўсё, трэба спыніць гвалт. Мы можам агучыць нашы патрабаванні. Мы не хочам нічога незвычайнага.

Мы не хочам тут ніякіх войскаў: ні польскіх, ні рускіх, ні ўкраінскіх. Сярод нас усе свае, усе нейкім чынам паміж сабой знаёмыя, сярод нас няма замежных змоўшчыкаў. Хочам жыць у сваёй краіне і каб ніколі не паўтарылася дыктатура. Мы ўжо ведаем, што такое моцная прэзідэнцкая рэспубліка. Не падыходзіць гэтая сістэма для Беларусі. Патрэбнае вяртанне да Канстытуцыі 1994 года.

Толькі парламенцкая рэспубліка, толькі рэгулярная змена ўлады, толькі вылучэнне працоўнымі калектывамі.

І ніякіх прызначэнцаў з райвыканкамаў. Што зрабіў Маладзечанскі райвыканкам, калі білі людзей на вуліцах?

Быў у адзін з вечароў падчас акцыі на вуліцы Скарыны. Бачыў, як машына ДАІ заблакавала рух. Усе пачалі перасякаць двайную суцэльную і ехаць насустрач патоку машын. Гэта ж стварэнне аварыйнай сітуацыі. У мяне ёсць відаэзапісы з акцый, як ДАІ дапамагае АМАПу затрымліваць людзей, як АМАП збівае. З гэтымі відэазапісамі я пайду да пракурора. Бо пасля таго, што адбываецца, нельга застацца ўбаку.

— Раскажыце пра сябе.

— Я нарадзіўся ў Маладзечне ў 1974 годзе. Жыў тут пастаянна, за выключэннем гадоў вучобы. Служыў у войску ў пачатку 1990-ых. Пасля войска шукаў працу, прапанавалі пайсці ў Дэпартамент аховы. Пачынаў са звычайнага вартаўніка. Пасля год быў паставым, пасля — камандзірам аддзялення. У 1999 скончыў школу міліцыі, пасля Беларускі інстытут правазнаўства.

У міліцыю я прыйшоў толькі дзякуючы майму міністру — Юрыю Захаранку. Ён так падняў прэстыж міліцыі! Я з гонарам форму атрымліваў.

Я мэтанакіравана ішоў у міліцыю, хацеў стаць афіцэрам. Захаранка быў іконай для мяне. З-за знікнення Захаранкі з дзеючай уладай у мяне свае рахункі.

У Дэпартаменце аховы я працаваў увесь час. Шэсць год таму скончыў службу. Па званні — маёр міліцыі. Пайшоў на пенсію, але працую ў фірме.

— Чаму менавіта вас абралі галоўным у ініцыятыўнай групе?

— Яны палічылі, што я адукаваны і магу гаварыць са старшынёй.

— Што сказалі Горлаву пры сустрэчы?

— Усе патрабаванні не паспеў пералічыць. Бо ён пачаў заклікаць мяне да законнасці і не збіраць людзей. Але пра якую законнасць яны самі могуць казаць?..

— Хто астанія людзі ў ініцыятыўнай групе?

— Тыя, хто сам пажадаў. Тыя, хто стаяў на прыступках выканкама і задаваў правільныя пытанні старшыні і сілавікам.

Хочацца чагосьці дабіцца. Асноўнай перамогай ініцыятыўнай групы лічу тое, што з міліцыі ўжо адпусцілі 25 з 29 затрыманых — мы патрабавалі адпусціць зняволеных. Я разлічваў у лепшым выпадку да заўтрашняга ранку.

— Што будзе заўтра на сустрэчы? Вы думаеце, з’явіцца старшыня?

— Вельмі на гэта спадзяюся. Калі ён не выпадковы чалавек на сваёй пасадзе, ён прыйдзе. Гэта ж яго жыхары. Калі яму дарагі хаця б адзін жыхар горада, ён з’явіцца.