Сталічныя сабакі на ператрымцы ў Алешчанятах. Фота Алены Крэйніс.

Пра гэта карэспандэнту распавяла гаспадыня прытулку Алена Крэйніс:

– У нас на ператрымцы былі сабакі з Мінска, у гаспадароў якіх медыкі падазравалі каронавірус. Пакуль рабіліся тэсты, людзі сышлі на самаізаляцыю. Сталі актыўна шукаць ператрымку для сабак, бо прадбачылі шпіталізацыю. Усе, каму тэлефанавалі, адмаўляліся. Хаця сабакі не з’яўляюцца пераносчыкам хваробы і самі не хварэюць.

Па словах Алены, іх гаспадары тэлефанавалі ў роспачы, літаральна са слязьмі. У выніку Крэйнісы забралі пародзістых сабак. На Валожыншчыне сталічныя гадаванцы былі тры тыдні. У выніку дыягназ пацвердзіўся ў трох членаў сям’і: бацькі і аднаго з дваіх дзяцей.

– Пасля хваробы гаспадары самі прыязджалі забіраць гадаванцаў, расказвалі пра ўсю сур’ёзнасць віруса, папярэджвалі нас, каб бераглі сябе. Ну, і дзякавалі, канешне.