Уваход на парыжскія могілкі Пэр-Лашэз, дзе пахаваны ўраджэнец вёскі з-пад Радашкавічаў Мікола Абрамчык. Фота з Вікіпедыі.

Мікола Абрамчык нарадзіўся 16 жніўня 1903 году ў вёсцы Сычавічы пад Радашкавічамі (Вілейскі павет, цяпер Маладзечанскі раён). Міколаў прадзед Базыль Абрамчык меў трынаццаць сыноў, і ўсе яны ўзялі ўдзел у паўстанні 1863 года. Адзін быў за гэта павешаны на царскай шыбеніцы, іншыя высланыя, а Міколавага дзеда Янку выгналі з духоўнай семінарыі і пазбавілі грамадзянскіх правоў.

Мікола Абрамчык скончыў знакамітую Радашкавіцкую беларускую гімназію. Калі там вучыўся, у 19 гадоў атрымаў мандат упаўнаважанага БНР у Вілейскім павеце.

Нацыянальныя сілы рыхтавалі тады ў Заходняй Беларусі вызвольнае паўстанне. З мэтаю каардынацыі дзеянняў з мінскімі незалежнікамі Абрамчыка пасылаюць у савецкую Беларусь. За два гады ён каля 30 разоў нелегальна пераходзіў мяжу БССР і ва ўмовах канспірацыі сустракаўся з прафесарам Усеваладам Ігнатоўскім, тагачасным наркамам асветы. Менавіта Ігнатоўскі, якога Абрамчык усё жыццё будзе называць сваім  духовым бацькам, і ўвёў яго ў мінскі антыбальшавіцкі асяродак.

З 1923 года Абрамчык працягваў адукацыю ў Празе, вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі, быў дзеячам Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. Атрымаў дзве адукацыі – інжынера-эканаміста і гісторыка-сацыёлага. У Чэхаславаччыне зблізіўся з прадстаўнікамі ўрада БНР Пётрам Крэчэўскім, Васілём Захаркам і іншымі. Пасля Прагі больш за год вандраваў па Заходняй Еўропе, вывучаў эканамічныя асновы сельскай гаспадаркі. У 1930 годзе пераехаў у Францыю, стаў там заснавальнікам і кіраўніком Аб’яднання беларускіх рабочых «Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі»

(1932), выдаўцом яго перыядычных выданняў «Бюлетэнь» і «Рэха». Пэўны час жыў у горадзе Ліён. Сябар і паплечнік Абрамчыка Лявон Рыдлеўскі ў сваіх успамінах піша, што Мікола мусіў пакінуць Францыю, трапіўшы на вока гестапаўцам.

У 1941-43 гадах у час Другой сусветнай вайны Абрамчык – дзеяч Беларускага камітэта самапомачы (БКС) у Берліне, рэдактар газеты «Раніца» (1939-44), арганізатар і лектар курсаў беларусазнаўства, выдавец кніг Якуба Коласа «Сымон Музыка» і Ларысы Геніюш «Ад родных ніў». Працаваў у Камітэце самапомачы ў Беластоку. У канцы 1943 года вярнуўся ў Парыж. Старшыня (прэзідэнт) Рады БНР (1943 год, снежань 1947-1970). У 1947 годзе арганізаваў крывіцкую Раду БНР (крывіцкі блок). Быў жанаты з Нінай Ляўковіч (з пачатку 1940-ых гадоў). Мікола Абрамчык быў праціўнікам пераходу беларускіх епіскапаў у Расійскую Замежную Праваслаўную Царкву і адным з ініцыятараў адраджэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы у 1948 годзе.

Абрамчык браў актыўны ўдзел у пасляваенным антыкамуністычным руху. У 1950 годзе ён напісаў і выдаў брашуру «I accuse Kremlin of Genocide of My Nation» (Я абвінавачваю Крэмль у генацыдзе майго народа). У 1950-1960-ыя гады быў прэзідэнтам Лігі за вызваленне народаў СССР (League for the Liberation of the Peoples of the USSR (Paris Bloc). Пісаў іншыя матэрыялы пра трагічнае становішча беларусаў у СССР.

Памёр Мікола Абрамчык 25 мая 1970 года. Пахаваны ў Парыжы на славутых могілках Пэр-Ляшэз. З-за таго, што на магільнай пліце не было напісу, а магіла значны час не даглядался, месца пахавання Міколы Абрамчыка было згублена. Намаганнямі сябраў згуртавання «Беларуская нацыянальная памяць» магіла была адшуканая ў 2008 годзе.