15 жніўня ў Маладзечне жыхары зноў праводзілі акцыі супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Распавядаем, як прайшоў гэты дзень у розных кутках горада.

Настаўніцы выйшлі

Да ўжо традыцыйнай акцыі на Вялікім Гасцінцы ля касцёлу прыйшлі настаўніцы. Як паведамляла наш карэспандэнт, на акцыі іх было да 20 чалавек – прадстаўнікі школ №4 і №8, 10 гімназіі, настаўніца-пенсіянерка з 11 СШ. Самай шматлікай была дэлегацыя санаторнай школы-інтэрната Маладзечна.

Падрабязнасці: «Трэба ратаваць імя настаўніка». Педагогі Маладзечна расказалі, чаму далучыліся да мірнай акцыі (Фота)

Чакалі начальніка РАУС

У Маладзечне адпускаюць затрыманых 9 і 10 жніўня. Аднак у маладзечанскім ІЧУ яшчэ знаходзяцца людзі, якіх не выпусцілі. Дакладная колькасць дагэтуль невядомая ні праваабаронцам, ні журналістам. 14 жніўня з-за кратаў выйшлі 29 чалавек.

Сёння, 15 жніўня, да РАУС прыйшоў член ініцыятаўнай групы Валер Савіцкі (пра яго можна прачытаць — тут). Ён папрасіў, каб з будынка выйшаў паразмаўляць начальнік РАУС Вадзім Прыгара. Дзяжурны некалькі разоў сказаў, што Прыгара выйдзе. Пасля 16:00 да будынка міліцыі пад’ехаў аўтобус і машына з вайскоўцамі, а таксама некалькі бусаў.

Начальніка РАУС чакалі амаль гадзіну.

Дзяжурны паведаміў у 16:40, што начальніка маладзечанскай міліцыі няма, таму што ў яго выхадны.

Потым да будынка РАУС падышлі жанчыны з бел-чырвона-белым сцягам і заспявалі «Купалінку».

Шматтысячны мітынг на плошчы

У 17:00 на цэнтральнай плошчы ў Маладзечне пачаўся мітынг супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Выступалі член ініцыятыўнай групы Валер Савіцкі, Алеся Каролік ад ланцуга жаночай салідарнасці і праваабаронца Эдуард Баланчук.

Людзі пыталіся, што здарылася з тымі, каго затрымалі 9 і 10 жніўня ў Маладзечне. Таксама людзей цікавілі наступныя крокі ініцыятыўнай групы.

Валер Савіцкі.

Алеся Каролік.

Эдуард Баланчук.
Гэтая жанчына таксама прыйшла на мітынг, але ў яе баляць ногі, таму яна сядзела ў цяньку побач за некалькі метраў помніка Леніну.

Шэсце да помніка пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі

Шэсце пачалося адразу пасля заканчэнне мітынгу ў 18:30. Людзі прайшліся ад плошчы па Віленскай, звярнулі на Валынца, а потым на Грамадоўскую да станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Там людзі падзякавалі медыкам за працу, доўгі час скандзіравалі «Дзякуй!».

Плакаты маладзечанак на шэсці.

Адтуль натоўп павярнуў у адваротны бок і збіраўся пайсці да Таміліна, каб выйсці на Вялікі Гасцінец — і да помніка пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі.

На скрыжаванні Галіцкага і Грамадоўскай людзі звярнулі на Галіцкага. Нагадаем, што менавіта на гэтай вуліцы знаходзіцца РАУС і ІЧУ. Людзі прайшлі прыкладна 15-20 метраў па вуліцы, а з будынку і варот міліцыі выбеглі вайскоўцы са шчытамі і АМАП.

Людзі стаяць на скрыжаванні Галіцкага і Грамадоўскай.

Начальнік РАУС у цёмна-сінім піджаку і ў медыцынскай масцы.

За вайскоўцамі са шчытамі стаяў начальнік РАУС Вадзім Прыгара, у якога быў выхадны.

Людзі зноў развярнуліся і пайшлі па Грамадоўскай, выйшлі на Таміліна і, нарэшце, прайшлі тысячным натоўпам па Вялікаму Гасцінцу. Іх віталі мінакі і з вокнаў кватэр. Хутка дабраліся да помніка. Там пакінулі кветкі і ў 20:00 разыйшліся.

Фота Настассі УТКІНАЙ.