На сустрэчы з уладамі ў Смаргоні. Фота забяспечанае Аляксандрам Дзергачовым.

14 жніўня смаргонцы, якія сабраліся ў цэнтры горада, запрасілі старшыню райвыканкама на сустрэчу 15 жніўня на прыступках райвыканкама у 19-00. Старшыня Генадзь Харужык выйшаў у прызначаны час, каб сустрэцца з выбаршчыкамі і абмеркаваць вынікі выбараў.

Як паведамляе смаргонскі актывіст, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Аляксандр Дзергачоў, старшыня выйшаў на сустрэчу ў суправаджэнні пракурора Андрэя Клышэвіча і начальніка РАУС Аляксандра Клімянкова.

– У сваім выступе Генадзь Харужык назваў афіцыйныя вынікі выбараў па раёне – Лукашэнка – каля 67%, Ціханоўская – крыху больш 20%. Не пракаментаваў прыведзеныя факты пра тое, што на некаторых выбарчых участках не вывешвалі выніковыя пратаколы пасля падліку галасоў, – кажа Дзергачоў.

Па яго словах старшныя спытаў, чаму тут – тры святары касцёла. Адзін са святароў адказаў:

– Таму што мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь. І кропка.

Смаргонцы пачалі скандаваць старшыні “Сыходзь!”. І той сышоў.

Пракурор Андрэй Клышэвіч не пацвердзіў факты выкарыстання фізічнай сілы пры затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый у Смаргоні пасля выбараў.

Начальнік Смаргонскага РАУС адмовіўся даць ацэнку дзеянням яго калег у Мінску.

Смаргонцы ўручылі мясцовым уладам зварот, у якім запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта, старшыні ЦВК, міністра МУС, правядзення паўторных, але сумленных выбараў, гарантыі захавання працоўных месцаў за тымі, хто прымаў удзел у мірных акцыях пратэсту. Таксама патрабавалі публічнага разгляду заявы Алеся Дзергачова ў раённую камісію аб прадстаўленні вынікаў выбараў у раёне з разбіўкай па выбарчых участках.

Заяўнікі запатрабавалі даць адказ на зварот на гэтым жа месцы 17 жніўня а 19.00.

• Текст доступен на языке: Русский