16 жніўня маладзечанцы зноў сабраліся на Вялікім Гасцінцы.

Да гэтага, з раніцы, адбыўся «Забег адважных». Яго ўдзельнікі ў бела-чырвоным адзенні прабеглі па вуліцах горада. Таксама жанчыны ўжо традыцыйна арганізавалі жаночую акцыю салідарнасці, што праходзіць ля Чырвонага касцёла.

Хлопцы падтрымліваюць дзяўчат на жаночай акцыі салідарнасці.

Людзі пачалі сабірацца ля Лядовага да двух гадзін. Пасля таго, як асноўная большасць людзей сабралася, натоўп рушыў у напрамку цэнтральнай плошчы. На шляху людзі скандуюць «Наш прэзідэнт – Света!», «Сыходзь!». На кожным скрыжаванні да калоны далучаюцца людзі.

Калі першыя шэрагі падыходзілі да плошчы, апошнія яшчэ былі ля Лядовага палаца. Чарга расцягнулася больш чым на два з паловай кіламетры.

Ал Лядовага людзі прайшлі да цэнтральнай плошчы, дзе апошнім часам праходзяць мітынгі. Перад людзьмі выступілі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы, якая арганізоўвае мерапрыемствы.

Зрабілі адкрыты мікрафон, перад натоўпам мог выступіць любы: ад былых ваенных да медыкаў. Шмат расказвалі пра катаванні і гвалт у дачыненні да людзей падчас акцый 9-11 жніўня. Некаторыя выступоўцы заўважалі, што яшчэ адпусцілі не ўсіх маладзечанцаў.

Маладзечанцы абмяркоўвалі планы, прапаноўвалі ідэі для ініцыятыўнай групы.

Ініцыятыўная група паведаміла, што раніцай 17 жніўня наведае райвыканкам і паўторна аб’явіць патрабаванні жыхароў мясцовай уладзе.

Сабралі для вас самыя яскравыя прамовы выступоўцаў.

А вось так плошча выглядала напрыканцы мітынгу.

Напрыканцы сустрэчы хлопец залез па флагштоку і прымацаваў бел-чырвона-белы сцяг з шарыкамі.

Фота Настассі УТКІНАЙ.