Такі адпачынак можна наладзіць, калі прыехаць на турыстычныя стаянкі. Іх ля азёр Нацыянальнага парку «Нарачанскі» 15.
На турстаянцы “Антанізберг” ля курортнага пасёлка Нарач (Купа) ужо ранкам у пятніцу, 7 жніўня, багата людзей.
– Адпачынак летам – гэта лес, возера. А санаторыі – гэта зімой, каб здароўе падлячыць, – упэўніваюць Віктар і Людміла з Мінска. – Галоўнае, каб надвор’е было.
– Як адпачываецца?
– Нармальна. Дровы ёсць, душ, прыбіраюць тэрыторыю. Плацім па 58 тысяч з чалавека ў суткі. Шапік ёсць ды курортны пасёлак блізка. Гутарыў – людзі і два тыдні тут адпачываюць. Што б я тут палепшыў? Месца ад шашы да возера мала, але хацелася б, каб тут нейкі пляж зрабілі. Каб можна было выйсці з возера і паляжаць.
Калі столькі дзён стаіць спякотнае надвор’е, пасля купання ў Нарачы расце верагоднасць атрымаць цэркарыёз (ці па-простаму “сверб купальшчыка”). У гэтай сям’і для каго купанне скончылася без наступстваў, а ў каго з’явіліся сверб і балячкі – якраз на мелкаводдзі і купаліся.
Вожыкі падыходзілі да палаткі
Мінчане Ігар і Наталля з дзецьмі за апошнія тыдні на стаянцы “Антанізберг” пабывалі двойчы. Першы раз засталіся ў захапленні – людзей было няшмат, спакойна адпачывалі на прыродзе.
– Мне вогнішча спадабалася, смажыў сасіскі, – кажа шасцігадовы Ваня. – І возера – яно ж самае вялікае ў нас. Вожыкі тут ёсць.
Вожыкі падыходзілі блізка да палаткі, і заяц уначы з-пад машыны шугануў.
Ваня дапамагае дарослым уладкоўвацца на стаянцы.
Але як прыехалі на гэтыя спякотныя выхадныя, то спакойнага сямейнага адпачынку ўжо не атрымалася.
Прыехалі ў пятніцу ранкам – усе альтанкі былі занятыя. Давялося ставіць палатку ля лавы. А людзі ўсё ехалі і ехалі, і нават уначы ставілі палаткі. На стаянцы сапраўды яблыку не было дзе ўпасці.
– Немаленькая ж стаянка, але як такая спякота, месцаў не хапае. Хай бы болей альтанак было, – кажа Наталля.
А яшчэ некаторыя кампаніі да позняй ночы шумна адзначалі свой выезд на Нарач, і на заўвагі рэагавалі так:“Ой, ну мы ж сюды весяліцца прыехалі”.
Так што на наступны раз, калі паездка выпадзе на спякотнае надвор’е, Ігар і Наталля будуць выбіраць турстаянку падалей ад трасы.
Жнівень можа пабіць рэкорд
– Пустых стаянак у гэтыя выхадныя не было дакладна. А на тых, якія размешчаныя ўздоўж трасы, быў аншлаг. Бо не кожны хоча ехаць далёка, на Блакітныя азёры ці Расохі. Убачыў, што тут людзі адпачываюць, і добра, – кажа начальнік аддзела турызму Нацыянальнага парку “Нарачанскі” Людміла Краўчонак. – Менш народу было на стаянках на азёрах Расохі, Волчына. Яны ўбаку знаходзяцца, і там няма такога пляжнага беражка, з пясочкам. Там больш любяць рыбакі пасядзець з вудачкай, як і на возеры Вішнеўскае.
У чэрвені на турстаянках адпачылі каля трох тысяч чалавек, у ліпені – каля 8600. У мінулыя гады пасля ліпеня было зніжэнне адпачывальнікаў на турстаянках. А сёлетні жнівень, калі добрае надвор’е будзе трымацца, можа пабіць рэкорд.
Даведка “РГ”. Суткі знаходжання на стаянках “Антанізберг” і “Качаргі” абыдуцца ў 4 рублі, на аўтакемпінгу “Нарач” – 5 рублёў, на іншых стаянках – 3 рублі з чалавека.
Плюс спаганяецца кампенсацыйны збор – 2 рублі за суткі. Яго не плацяць людзі, якія пражываюць на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, а таксама непаўналетнія, студэнты, пенсіянеры, інваліды і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.