Жанчыны ў Маладзечне праводзяць акцыі супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў ад 12 жніўня. «РГ» запытала ў жанчын, чаму яны выходзяць на вуліцы горада і чаго спрабуюць дасягнуць.

Алеся Каролік, рэжысёр абрадаў і свят, Маладзечна:

— Гэта вельмі добры фармат, каб выказаць сваю пазіцыю. Ён самы бяспечны, таму што ў нас мірныя мэты. Мы не заклікаем да гвалту, мы супраць гвалту.

Алена Бароўская, беспрацоўная, Маладзечна:

— Я хачу перамен у нашай прыгожай краіне, у якой нарадзілася, вырасла, атрымала адукацыю. Хочацца лепшага. Мы, беларусы — мірны народ. Мы ўсё хочам зрабіць мірным шляхам, каб нас пачулі.

Наталля Пашчук, настаўніца, Маладзечна:

— Таму што лічу, што ў нас ёсць абраны прэзідэнт і ёсць нелегітымны прэзідэнт. Лічу, трэба падтрымаць таго прэзідэнта, якога мы абралі. Мне 61 год і ні аднаго разу не галасавала за Лукашэнку. Я памятаю, як ён прыйшоў да ўлады. У нас жа ў Маладзечне тады на многіх участках Пазняк перамог. Чула, што настаўнікам збіраюцца звальняцца. Я лічу, што звальняцца павінны тыя, хто сфальсіфікаваў выбары.

Крысціна Хрысценка, перакладчык, Маладзечна:

— Не хочацца заставацца абыякавай да ўсіх гэтых падзей. Прыходжу па закліку сэрца.

Вераніка Рудзько, у дэкрэтным адпачынку, Маладзечна:

— У першы дзень, калі мы выйшлі, то з’явіўся інтэрнэт і ўбачылі, як выпускалі людзей з Акрэсціна. Гэта быў жах. Чытала інтэрв’ю жанчын і мужчын, проста паўночы плакала, мяне трэсла. Гэта нельга проста так пакінуць. Усе гэта бачаць. Ва ўсіх, у каго няма доступу да незалежнай інфармацыі, павінны ведаць, што адбываецца ў нашай Беларусі.

Кацярына Ліцюк, гаспадыня, Маладзечна:

— Хопіць хлусіць. Я прыйшла бароцца за сваё слова. Я бачу на нашым тэлебачанні і газетах, што яны не бачаць як АМАП збіваў людзей. Гэты былі нашы браты і сёстры. Людзі вераць прыгожаму тэксту і карцінцы. Мы супраць гвалту, за тое, каб нашы галасы ўлічваліся, таму будзем да канца і да перамогі.

Ангеліна Карысцелёва, студэнтка, Маладзечна:

— Я хачу тут застацца, хачу прыносіць карысць сваёй краіне. Два месяцы таму былі думкі, каб толькі адсюль з’ехаць, таму што тут не было чаго лавіць. А цяпер з’явілася надзея, што ў Беларусі ўсё зменіцца.