Раіса Брысюк. Фота Ганны Шакель.

Раіса Брысюк працавала галоўным мастаком маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Цяпер на пенсіі, уладальніца залатога і срэбнага медалёў ВДНГ, куратар шэрагу выстаў.

16 жніўня маладзечанцы маглі чуць яе эмацыйную прамову з трыбуны падчас акцыі пратэсту на Цэнтральнай плошчы. Убачанае ўвечары 9 жніўня, пасля выбараў, не дае Раісе Аляксееўне маўчаць.

– Кожны дзень я хаджу ў парк гуляць. Тым вечарам дайшла ажно да плошчы. Там стаяла куча ваенных, чорныя, без галоў, усё адно як груганы якія, і перад імі на каленях стаялі маладыя людзі, дзевачкі, хлопчыкі. Падыйшоў мужчына сямідзесяці год, кажа: «Пазавіце нам начальніка, мы хочам з ім пагаварыць!» Болей нічога не сказаў, а з калоны вырваліся ваенныя, і пачалі лупіць гэтага чалавека палкамі па галаве, па плячах, павалаклі ў гэтую машыну.

Я крычала, як звар’яцелая: «Адкрыйце вашы твары, я хачу вам паглядзець у вочы! Мне восемдзесят два гады! Можаце мяне забіць, але не біце гэтых дзяцей!».

Але яны стаялі нерухома. А за гэтымі груганамі яшчэ ляжалі людзі, выпрастаўшы рукі і ногі, тварам уніз. Іх таксама пачалі біць і кідаць у тыя машыны. Дзве групы было такіх, чалавек па дзесяць. Я такога ніколі ў жыцці не бачыла, каб можна было ні за што біць чалавека. Я калі стральбу па тэлевізары бачу, адразу выключаю, не магу на гэта глядзець. А тут давялося ўбачыць такое… Страшна. Я плакала, калі не стала Карпенкі, Ганчара. Мне было так шкада! Я гэтых хлопцаў ведала. Помню іх вясёлымі, харошымі, дзелавымі і надта разумнымі. Я вельмі радавалася, калі адзін з забойцаў прызнаўся, думала, цяпер раскрыюць гэтую справу, але ўсё замоўкла.

На апошніх выбарах Раіса Аляксееўна галасавала «за Святлану»:

– Я б магла падтрымліваць Лукашэнку толькі таму, што ён мой зямляк – я нарадзілася недалёка ад Горак. Але я не магу падтрымліваць няпраўду, я не магу падтрымліваць такую жорсткасць.

Сёлета пенсіянерка дэманстратыўна пайшла на выбары ў нацыянальным касцюме.

– За дваццаць шэсць гадоў першы раз галасавала, бо раней лічыла, што выбары ўсё адно несправядлівыя. Я паглядзела бюлетэнь, каб там не было кропачак, сфатаграфавала яго з абодвух бакоў, склала гармошачкай.

Пра тое, што так трэба рабіць, Раіса Аляксееўна прачытала ў інтэрнэце. Яна чытае газету “Народная воля” ад дня яе заснавання і мае там улюбёных журналістаў. А яшчэ захапляецца беларускай літаратурай, бо лічыць, што кнігі дапамагаюць лепш аналізаваць рэчаіснасць.

– Справа ў тым, што апошнім часам вельмі многа перачытала беларускіх пісьменнікаў. – кажа Раіса Аляксееўна і сціпла дастае спіс на 55 нядаўна прачытаных твораў Быкава.

На пытанне, што б яна сама зрабіла, каб усё было справядліва і сумленна, Раіса Аляксееўна адказвае:

– Ёсць разумныя галовы. Я люблю, калі гавораць вучоныя, дактары, пісьменнікі. Я не магу не верыць гэтым людзям, я бачыла іх вочы… У нас вельмі таленавітыя людзі! Яны ўсё ўмеюць! Толькі дай ім свабоду!