Віка Альшэўская з дачкой Жэняй. Фота аўтара.

Маладзечанка Вікторыя Альшэўская рухаецца на вазку або хадунах з-за прыроджанай хваробы. Жанчына жыве разам з бацькамі і гадуе дачку. Пакуль маленькая Жэня спіць, гутарым з Вікторыяй пра цяжарнасць, пра цвёрдае рашэнне нарадзіць, пра тое, як выхоўваць дзіця маме з інваліднасцю.

Падпісвала адмову ад перарывання цяжарнасці

– Калі зацяжарыла, адразу вырашыла нараджаць. Праўда, спадзявалася, што будзе хлопчык, а не дзяўчынка, бо не ўмела коскі заплятаць, – прыгадвае Вікторыя падзеі 2016 года. – Тым больш, ужо і час падыходзіў – мне было 26. Бацькам сказаць пра цяжарнасць адразу не рашалася. Калі ж сказала – яны падтрымалі маё рашэнне.

Коскі. Фота аўтара.

Па словах Вікторыі, візіт цяжарнай з інваліднасцю ў жаночую кансультацыю ў Маладзечне медыкаў здзівіў і напалохаў:

– Яшчэ не забыліся тыя два жахлівыя выпадкі, калі за паўгода тут памерлі дзве жанчыны пасля родаў. А тут я – са сваімі праблемамі. Мяне накіравалі ў Мінск, у абласную радзільню, а таксама на кансультацыю да генетыкаў у цэнтр «Маці і дзіця». Генетыкі далі заключэнне, што ніякіх супрацьпаказанняў у мяне няма, можна нараджаць. А доктар у абласной радзільні пачаў  крычаць на мяне. Пытаўся, як я збіраюся жыць і гадаваць дзіця. Было вельмі крыўдна, дзеліцца суразмоўца.

Вікторыя паказвае медыцынскі дакумент, у якім напісана, што ёй трэба перарваць цяжарнасць з-за праблем з псіхікай на фоне медыцынскіх прэпаратаў. Унізе за подпісам цяжарнай пазначана, што яна адмаўляецца ад аборта.

Па накіраванні мдыкаў з абласной радзільні Віка шмат ездзіла па дактарах. Наведвала хірурга, нейрахірурга, рабіла ультрагукавое даследаванне нырак. На ўласнай машыне да дактароў вазілі або бацька, або малодшая сястра. Ні адзін з медыкаў не пацвердзіў, што жанчыне трэба перарываць цяжарнасць.

Радасна адчуваць досвед мацярынства

Калі прыйшоў час, у цэнтры «Маці і дзіця» маладзечанцы зрабілі кесарава. Віка засталася вельмі задаволеная стаўленнем медыкаў гэтай установы. Пакуль мама адыходзіла ад аперацыі, дзяўчынку не прыносілі, а пасля цэлы дзень яны былі разам. Дзіця забіралі толькі на ноч. Вікторыя адзначыла вельмі зручнае абсталяванне ў Цэнтры. Кажа, яна сама, без дапамогі персаналу магла дагледзець і памыць дачку.

Сёння, калі Жэні ўжо тры, Віка ў хадунах ходзіць з ёй і на прагулку, і ў краму. Маміны хадуны маюць такую канструкцыю, што на іх можна пасадзіць дзяўчынку.

Вось такую лічбу Віка зрабіла на трохгоддзе дачкі. Фота аўтара.

Жэня любіць гуляць на дзіцячых пляцоўках. Але ў двары, побач з домам, такой няма. Мусяць хадзіць у іншы двор. Гуляе з дачкой Віка амаль заўсёды сама. Кажа, бацькі ўжо выгадавалі сваіх, адчулі радасць бацькоўства. У Вікторыі ж гэта ўсё наперадзе, ёй хочацца самой займацца дачкой:

– Мне хочацца з ёй гуляць, усюды хадзіць. Былі ў краме, дзе набывалі мне сонечныя акуляры, хадзілі ў дзіцячы забаўляльны цэнтр, у піцэрыю, – дзеліцца мама.

Для сваёй дачкі – я звычайная мама

Трохгадовая Жэня ўжо дапамагае маме. Ведае, што трэба паднесці хадуны на другі паверх, у кватэру. Для сваёй дачкі я, напэўна, такая ж мама, як і ўсе. Яна не бачыць маіх асаблівасцей, але ведае, што дапамагчы трэба, кажа Віка.

Асабліва неспакойнай Жэня не была ніколі. Крыху пакапрызіла, як лезлі зубкі. Адзінае, маме было нялёгка аднесці памыць дзяўчынку, бо ванна месцілася не побач з іх пакоем. Каб крыху аблегчыць сабе жыццё, часам карысталіся вільготнымі сурвэткамі. А купалі дзяўчынку мама і сястра.

– Малодшая сястра, Юля, дапамагае мне з дачкой. У нас невялікая розніца – год і чатыры. Бацькі кажуць, што яны нарадзілі мне дапамогу. А жыццё склалася так, што Юля хутка назаўсёды з’язджае з Беларусі. Таму дапамогу сабе нарадзіла я сама, – кажа Віка.

На вазок і калыску для дачкі зарабіла на бісеры

Да нараджэння дачкі мая суразмоўца працавала на «БелЦІЗе». Дома збірала разеткі і выключальнікі. Калі працы было шмат, сядзела нават ноччу. Пасля мусіла звольніцца, бо зачынілі надомнае аддзяленне. Па словах суразмоўцы, заробак там мізэрны. І гэтыя грошы не вартыя таго, каб пакідаць дзіця і ехаць на працу на іншы канец горада.

Віка больш зарабляла на вырабах з бісеру. У 2015-16 годзе такія рэчы вельмі карысталіся попытам. Часам рэчы замаўлялі знаёмыя, часам Вікторыя прадавала іх праз інтэрнэт. У выніку за заробленыя на бісеры грошы маладая мама змагла набыць і вазок, і калыску.

Вікторыя Альшэўская (злева) на курсах “Інклюзіўны барыста”. Фота аўтара.

– Канешне, з працай для людзей з інваліднасцю ў нас усё дрэнна. Калі летась быў курс
«Інклюзіўны барыста», запісалася на яго. Думала, у Маладзечне адкрыюць кавярню, дзе б працавалі людзі з інваліднасцю. Але такой кавярні мы не дачакаліся. Магчыма, у Мінску нам працаўладкавацца лягчэй. Але як я паеду туды з дзіцем, – дзеліцца праблемамі Віка.

Касыя позіркі? Да іх не прывыкаць

Хутка Жэня пойдзе ў садок. Ён побач з домам. Праўда, трапіць туды атрымалася не адразу. У сад хацелі запісацца, як толькі Жэня нарадзілася. Аднак ужо тады ў аддзеле адукацыі сказалі, што ўзяць яе не змогуць. Парэкамендавалі іншы садок, у які трэба ездзіць на аўтобусе. Тады сям’я звярнулся да дэпутата Людмілы Канановіч:

– Растлумачылі ёй нашу сітуацыю. Яна абяцала дапамагчы. Толькі сказала, каб нагадалі пра сябе, калі Жэні будзе тры. Мы нагадалі, і яна дапамагла.

Касыя позіркі? Вікторыі не прывыкаць да іх. Адзначыла для сябе, што часцей чалавека з інваліднасцю як недачалавека ўспрымаюць людзі старэйшага пакалення:

– Ведаеце, напэўна, гэта пайшло яшчэ з савецкага часу, калі людзей з інваліднасцю нібыта і не існавала. Але сярод маіх знаёмых ёсць людзі, якія жывуць паўнацэнным жыццём, самастойна, неяк спраўляюцца. Я таксама і працавала, і зарабляла, і дзіця нарадзіла і выхоўваю. Не разумею, чым я горш за іншых.

Самае крыўднае, што часам нават блізкія людзі не да канца ўпэўненыя ў маёй самастойнасці.

Я ніколі не кажу сабе: я не змагу. Я спрабую, – дзеліцца назіраннямі Віка.

З татам дзяўчынкі і яго сваякамі Віка ў добрых адносінах. Унучка сустракаецца з бабуляй, прымае ад яе падарункі.

…Пакуль мы размаўлялі за гарбатай, прачнулася Жэня. Паказала свае шматлія цацкі, дзіцячы ровар і любімую ляльку Мар’яшу.

– Калі прыходзім у цацачную краму, рэальна не ведаем, што купіць. Такое адчуванне, што ўсе цацкі ў яе ўжо ёсць, – усміхаецца Віка, спрабуючы заплесці коскі сваёй маленькай шустрай дзяўчынцы.