На першым плане – журналіст «Рэгіянальнай газеты» Настасся Уткіна. Фота All Martau.

За апошнія два тыдні ў Беларусі палітыка закранула кожную сям’ю. Цяпер казаць, што ты па-за палітыкай – значыць маўкліва дазваляць адбывацца злачынствам. Палітыка прыйшла ў кожны дом, нават туды, дзе яе не чакалі і хацелі пазбегнуць.

Улады пайшлі на масавы гвалт сілавікоў у бок грамадзян, каб захаваць пасады. За паслявыбарны тыдзень затрымалі тысячы беларусаў, вядома як мінімум пра пяць загінулых па звестках праваабаронцаў.

Але шлях да масавага гвалту з боку сілавікоў пачынаецца тады, калі ўлады пачынаюць ціснусць на журналістаў, медыі і спыняюць свабоду выказванняў запужваннямі або ігнараваннем. Адсутнасць поўнай і праўдзівай інфармацыі спараджае чуткі, незразумеласць і страх.

Маладзечанскі райвыканкам не першы год не ідзе на супрацоўніцтва з «Рэгіянальнай газетай», прадстаўнікі дзяржаўных органаў Маладзечна пастаянна адмаўляюць нам у каментарах. Мы працуем з некалькімі раёнамі і параўноўваем сітуацыю. Калі вілейскія дактары расказвалі пра сітуацыю з каронавірусам, маладзечанскія заяўлялі, што не будуць даваць каментары.

Гэтая сітуацыя працягнулася і ў час пратэстнай хвалі. У першыя дні пасля пратэстаў мы звярталіся па інфармацыю ў дзяжурную часць, прасілі выйсці на размову начальніка Маладзечанскага РАУС, тэлефанавалі яму на рабочы тэлефон. Ніякіх каментароў нам не давалі. Першыя афіцыйныя каментары прадстаўнікі ўлады далі 17 жніўня. На сустрэчы з прадстаўнікамі маладзечанскай ініцыятыўнай групай заявілі, што па горадзе няма цяжкіх цялесных пашкоджанняў, няма трупаў.

Прайшоў тыдзень пасля гвалтоўных разгонаў маладзечанцаў АМАПам. Увесь гэты час да нас звярталіся дзясяткі людзей з пытаннем, ці праўда, што ў горадзе знайшлі восем трупаў. Міліцыя абвергла чуткі толькі праз тыдзень.

За 9-13 жніўня ў Маладзечне затрымалі 251 чалавека па адміністрацыйных правапарушэннях, плюс чэмпіёна свету па тайскаму боксу і кікбоксінгу Аляксея Кудзіна. Ён адзіны, хто на 19 жніўня застаецца ў зняволенні.

Мы сустракаемся з людзьмі, якія прайшлі праз збіццё АМАПам і зняволенне. Мы будзем публікаваць столькі гісторый, колькі нам раскажуць. Нам расказваюць пра здзекі, катаванні і збіццё. Ніякіх прабачэнняў і тлумачэнняў прадстаўнікі праваахоўных органаў Маладзечна не далі.

18 жніўня карэспандэнта «Рэгіянальнай газеты» запрасілі на прэс-канферэнцыю ў Вілейскі райвыканкам, дзе прадстаўнікі ўлады адказвалі на пільныя пытанні. У гэты ж дзень быў прэс-цэнтр і ў Маладзечанскім райвыканкаме. На гэтае мерапрыемства запрасілі прадстаўнікоў мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, як дзяржаўных, так і прыватных, акрамя «Рэгіянальнай газеты».

«Рэгіянальная газета» – гэта недзяржаўнае выданне, якое існуе 25 год, увесь гэты час выданне працавала на аснове прынцыпаў аб’ектыўнасці і праўдзівасці. Мы расказвалі пра ўсе важныя падзеі сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі – суды па стрыме Ціханоўскага, чэрвеньскія ланцугі салідарнасці, суды па іх, зборы подпісаў, выбарны перыяд.

У Маладзечне журналістам толькі «Рэгіянальнай газеты» хапіла смеласці здымаць затрыманні АМАПам. Гэтыя фотаздымкі і відэа абляцелі ўвесь свет.

Дзяўчына пытаецца ў вайскоўца, чаму ён не б’е яе пасля таго, як ударыў яе хлопца. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Кожны дзень нам дзякуюць чытачы за смеласць і праўду. Мы ведаем, што нам як журналістам давяраюць. Таму мы не разумеем, як магло кіраўніцтва горада не запрасіць прадстаўніка «РГ» на афіцыйную гутарку ўлады з прэсай.

З публікацыі нашых калег мы пабачылі, пра што на гэтай сустрэчы расказвалі ўлады. І разумеем, што без нашых журналістаў у размове не прагучалі адказы на важныя пытанні, якія хвалююць тысячы маладзечанцаў.

Старшыня маладзечанскага райвыканкама Юры Горлаў расказаў, што прадстаўнікі пратэстнага руху размалявалі статую Маці Божай на ўездзе ў горад, і кіраўніцтву давялося выдзяляць рэсурсы, каб прывесці яе ў парадак.

За мінулы тыдзень зняволілі 252 жыхароў Маладзечанскага раёна, многіх з іх збівалі і здзекваліся з іх, многія атрымалі псіхалагічную траўму настолькі моцную, што баяцца выходзіць з дому. Хто і як кампенсуе гэтую шкоду, нанесеную жывым людзям?

Паводле публікацыі на партале kraj.by, Горлаў сказаў, што на мітынгі выходзіць мінімальная колькасць людзей. У нядзелю на плошчы сабралася каля 10% насельніцтва горада. Гэта недастатковая сіла, каб з імі лічыцца?

У гэтай жа публікацыі цытуюць словы дырэктара аграфірмы «Лебедзева» Людмілы Ламар. Яна лічыць, што яе падначаленыя абураныя пратэстамі, а пратэстоўцам лепш прыехаць збіраць камяні на палях. 12 жніўня жыхары Лебедзева разам з дэпутатам мясцовага Савета Аляксандрам Грымацем панеслі калектыўны зварот да старшыні сельвыканкама з заклікам аб спыненні беззаконня і гвалту. Дарогу перакрыў АМАП, чатырох людзей збілі і зняволілі. Гэта не абуральна?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Канановіч заявіла, што ёй скардзяцца на сігналы машын. Такім чынам кіроўцы падтрымліваюць пратэстоўцаў. Канановіч сказала, што з гэтым трэба навесці парадак.

Чаму яна не наводзіла парадак, калі на вуліцах горада хадзілі сілавікі са зброяй і сабакамі, збівалі людзей, катавалі іх у двары РАУС?

Юры Горлаў сказаў таксама пра планы на добраўпарадкаванне горада – рамонты дарог і стварэнне скейт-пляцоўкі. Тысячы маладзечанцаў лічаць выбары сфальсіфікаванымі, ад дзеянняў сілавікоў пацярпелі тысячы беларусаў, ёсць загінулыя, няўжо скейт-пляцоўка – гэта тое, што цяпер іх хвалюе?

Калі ўлада не адказвае на хвалюючыя пытанні, гэта першы крок да забароны свабоды слова. А калі нас прымушаюць маўчаць, гэта вядзе да беззаконня і бязмежнай улады сілавікоў.

Зоя ХРУЦКАЯ, журналіст «Рэгіянальнай газеты», кіраўнік Маладзечанскай філіі БАЖ, сябра Праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў.

• Текст доступен на языке: Русский