Амапаўцы ў Маладзечне 10 жніўня. Фота Настассі Уткінай.

Гэтую маладзечанскую сям’ю затрымалі ў Маладзечне 10 жніўня. Амапаўцы напалі на мужа, жонку, і іх сына. Яны пакуль не гатовы назваць свае поўныя імёны, таму мы называем іх «муж» і «жонка». Яны расказалі нам сваю гісторыю ўдваіх.

Муж: Мы з жонкай кожны вечар ходзім гуляць па цэнтры горада, купляем марожанае, ядзім поп-корн. Вечарам 10 жніўня мы таксама сабраліся на прагулку. Паставілі машыну каля «Еўраопта», каторы па вуліцы Грамадоўская. Пайшлі ў бок плошчы. Плошча была ачэпленая супрацоўнікамі міліцыі і спецназа. Таму пайшлі ў абход, зайшлі ў парк. На цэнтральным уваходзе стаяў АМАП са шчытамі. Дарога была перакрытая. Па дарозе размінуліся з байцамі спецназа, якія ішлі з сабакамі. Спакойна размінуліся. У парку сустрэліся з сябрамі. Я сядзеў на лаўцы, сын сустрэў аднакласніка, паразмаўлялі, жонка прагулялася са знаёмай вакол возера.

Жонка: Калі гулялі са знаёмай, бачылі, як людзі рванулі бегчы ў парк урассыпную. Глядзім, там аўтазак стаіць. Я яшчэ кажу – ну чаго бегчы, ніхто ж нікаго не чапае.

Ужо пачало цямнець. Сям’я рушыла на выхад з боку Хмяльніцкага. ДАІ перакрыла праспект. Пастаялі некалькі хвілін, каб зразумець, ці змогуць перайсці па пешаходным пераходзе. Перайшлі Вялікі Гасцінец, пайшлі да гімназіі №6. Як толькі пара перайшла дарогу, ззаду падляцеў АМАП.

Жонка: Перад намі было некалькі чалавек. Я размаўляла па тэлефоне, на высокіх абцасах.

Муж: Паварочваю галаву – і ўбачыў ззаду АМАП. Кажу жонцы, пайшлі хутчэй, бо ззаду АМАП.

Жонка: Я тут размаўляю, сканцэнтраваная, думаю, ну хай АМАП, можа ў іх заданне такое. Ну хіба гэта нармальна, што я павінна некуды рваць? Я азірнулася, яны бягуць. Сын рвануў у іншы бок, муж да яго, крычыць: «Гэта мой сын».

Муж: Сына схапілі, я тлумачу, што гэта мой сын, мы ідзём дадому, не чапайце.

Жонка: А на мужа таксама тры ці чатыры напалі, збіваць пачалі адразу дубінкамі. Сын пасля расказваў, што адразу, як убачыў, падняў рукі ўгору, што не супраціўляецца. Яго схапілі. А што было пасля, ён нам толькі праз тыдзень расказаў, каб не хваляваць. Да гэтага казаў, што яго не білі. А яго білі і дубінкамі, і нагамі. Ён невысокі, худзенькі, музыкант. Гэтую карціну бачу, мужа адцягнулі, я ў сына ўчапілася. Сталі мне па галаве біць дубінкамі рукаяткай. Я не адпускаю, крычу: «Гэта мой сын». Пасля падбеглі яшчэ двое ці трое і пачалі за падбародак заламваць галаву назад. Сына вырвалі, і я засталася ляжаць ў гэтым балоце.

Аўтазак тады стаяў на Вялікім Гасцінцы, насупраць кавярні «Шакаладная лыжка».

Муж: Мяне дубінкамі білі на вуліцы па спіне і нагах. Заламалі рукі, кінулі ў аўтазак. Там было людзей столькі, што кідалі чалавека на чалавека. А калі ампаўцам трэба выло выходзіць і яшчэ некага хапаць, хадзілі нагамі проста па людзях. Было вельмі душна, не хапала кісларода. Я гіпертонік, папрасіў павярнуць галаву, паму што не мог дыхаць. У адказ атрымаў два ўдары дубінкаў – пад вока і па затылку. Пасля аперацыі на назе я магу трымаць яе толькі ў пэўным становішчы. Пад’ехала хуткая дапамога, доктар спытаўся, каму патрэбна дапамога. Я прасіў медыцынскую дапамогу, кожны вечар патрэбна прымаць лекі, але медыкаў да нас не пусцілі. Прыніжалі, абражалі, назвывалі «твары», «жывёлы». За кожнае слова нас білі. Я прасіў дапамогі, сын мне казаў: «Тата, маўчы», і за кожнае слова яго білі, а я не могу бачыць.

Жонка: Сын настолькі мужна трымаўся. Калі адбіралі яго, казаў: «Адпусці, я вярнуся». У аўтазаку супакойваў тату, пры гэтым за кожнае слова атрымліваў дубінкай, яго футболілі нагамі. Ён такі стрэс атрымаў, што цяпер баіцца выходзіць на вуліцу.

Муж: Наўмысна ўпіраліся ботамі ў твар і ціснулі нагой, з ухмылкамі на твары. У мяне остэатамія, шмат год чакаў аперацыю, пасля яшчэ адну аперацыю. Мне сабралі нагу, яна была раней крывая. Калі нас павялі на медыцынскую экспертызу, не мог стаць на нагу. Агулам па мне было мінімум восем удараў дубінкай. Я пасля лічыў па колькасці сінякоў. У аўтазаку пратрымалі хвілін 20. Там было мінімум 30 чалавек.

Жонка: Калі б ён ляжаў унізе, ён бы задыхнуўся. Думала, іх проста затрымалі і іх пасадзілі. Але ж я не ведала, што там СС-аўскія катаванні! Як назваць іх, акрамя як фашыстамі?

У тую ж ноч і мужчыну, і яго сына адпусцілі.