На адным з шэсцяў. Фота настассі УТКІНАЙ.

Днямі на мірных акцыях у Маладзечне з’явіўся вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Як нам стала вядома, яго пашылі дзве маладзечанкі. З адной з іх, Таццянай Завацкай, мы пагутарылі.

– Сцяг даўжынёй 20 метраў мы пашылі з маёй знаёмай, Ганнай Яршэвіч, за дзве гадзіны. Шылі на швейнай машынцы з двух канцоў. Мы не прафесійныя швачкі. Яна – мастачка, я – дальнабойшчыца. А пачалося ўсё так: я прыйшла ў краму набыць тканіну, каб пашыць невялікія бел-чырвона-белыя сцяжкі. Там сустрэла маладзечанку Алесю. Яна хацела набыць тканіну для вялікага сцяга, пыталася, ці змогуць у краме пашыць такі. Адказалі, што не змогуць. Алеся засумавала. Тады я сказала, што я магу: хоць не прафесійная швачка, але больш-менш роўны радок на машынцы зраблю, – расказвае Таццяна.

Маладзечанкі хутка дамовіліся. Алеся набыла белую і чырвоную тканіну і прывезла яе Таццяне. Па дарозе захапіла Ганну Яршэвіч са швейнай машынкай. Сцяг шылі з двух канцоў.

– Наш сцяг мы вырашылі не скручваць. Ад дома з вуліцы Тамары Дудко яго несла тры чалавекі. Па дарозе далучылася больш народу. Было вельмі кранальна тое, як сцяг сустрэлі ля Лядовага палаца.

Гэта была нават не радасць, а больш чым радасць.

 

• Текст доступен на языке: Русский