Вілейка. Тут патрабуюцца спецыялісты і ў медыцыну, і ў культуру. Фота Аксаны Ярашонак.

19 жніўня па патрабаванні віляйчан мясцовыя ўлады зладзілі сустрэчу ў Доме культуры. З вілейчукамі сустрэліся старшыня райвыканкама Алег Бегунец, начальнік Вілейскага РАУС Аляксандр Бяндасаў, галоўны пракурор Вілейшчыны Вадзім Шукрынаў, старшыня Вілейскага Савета дэпутатаў Алена Чабатар.

Віляйчане патрабабавалі растлумачыць затрыманні ў Вілейцы 9 і 10 жніўня, пыталіся, ці будуць затрымліваць удзельнікаў мірных акцый цяпер.

Алег Бегунец адказаў, што АМАПа ў Вілейцы не было. На мірных пратэстах міліцыя нікога затрымліваць не будзе, калі паводзіны пратэстоўцаў не будуць пагражаць іншым жыхарам Вілейкі, калі не будуць будавацца барыкады і разбурацца горад.

Выступалі затрыманыя 9 і 10 жніўня. Казалі пра тое, што яны не парушалі дысцыпліну, мірна стялі на вуліцы ці сядзелі на лаўках, але тым не менш, былі затрыманыя і асуджаныя па артыкулах за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і супраціўленне міліцыі.

Аляксандр Бяндасаў адказаў, што яны могуць абскардзіць прыгавор Вілейскага суда ў абласным судзе.

«Я маю канкрэтнае пытанне: чаму мне не дамамаглі знайсці сына?»

Сярод выступоўцаў была віляйчанка, сына якой затрымалі ў Маладзечне:

– Ніколі не думала, што я буду стаяць перад гэтым мікрафонам, – казала жанчына. – У мясарубку жорсткасці і садызму трапіў мой сын. Тры дні мы не маглі яго знайсці. Чаму не было інфармацыі? Мы ўсюды звярталіся. Прасілі дапамагчы райвыканкам. І ніхто не дапамог. Я ледзь не страціла розум за гэтыя тры дні. У выніку знайшла яго сама ў Маладзечанскім РАУС. Яго выпусцілі збітага з непагашанымі суткамі і сказалі, што ён можа адседзець у любы зручны для яго час. Гэта не нацызм? Не садызм? Я маю канкрэтнае пытанне: чаму мне не дамамаглі знайсці сына?

Алег Бегунец:

– Мы праз усе органы шукалі вашага сына. Спрабавалі максімальна дапамагчы. Быў спецыяльны чалавек, які гэтым займаўся.

Аляксандр Бяндасаў:

– Мы займаліся, дасылалі ўсюды запыты. Вы самі сказалі, што дакладна не ведалі, дзе быў ваш сын падчас акцыі. Мы падымалі спісы з Акрэсціна і Жодзіна.

Віляйчанка:

– Але мы знайшлі яго самі.

Ці павесілі пратакол на ўчастку ў гімназіі №2?

Падымалі патанні пра парушэнні падчас выбараў. Так, выбаршчыкі з участка, што месціўся ў гімназіі №2, казалі пра тое, што члены камісіі не павесілі копію пратакола. Інфармацыю пра адсутнасць пратакола пацвердзіў і незалежны назіральнік згаданага участка.

Алег Бегунец адказаў: яму даклалі, што на ўсіх участках копіі былі вывешаны. Але калі пададуць скаргу, інфармацыю правераць.

Выступоўца адзначыла, што скаргу абавязкова пададуць.

Мама дваіх дзяцей: Чаму 9 жніўня нас праганялі з плошчы?

Мама дваіх дзяцей, віляйчанка Юлія, папрасіла растлумачыць, чаму 9 жніўня ўвечары міліцыянеры адціснулі іх з мужам і дзецьмі з плошчы? Мы сям’ёй проста гулялі пасля выбараў. Што мы парушылі? – пыталася яна.

Аляксандр Бяндасаў:

– Вы парушылі закон пра масавыя мерапрыемствы.

Юлія:

– Якое масавае мерапрыемства? Мяне ніхто туды не клікаў. Я што не магу застацца на плошчы? У грубай форме міліцыя адціснула нас. Дзіці спалохаліся і плакалі.

Бяндасаў:

– Ніхто груба не адціскаў.

Юлія:

– Вы кажаце няпраўду. Я сядзела на лаўцы каля фантана з дзецьмі. Людзі пыталіся ў супрацоўнікаў: што мы парушаем? Адказ быў адзін: сыходзьце. Чаму?

Бяндасаў:

– Вы нічога не парушалі і засталіся сядзець.

Юлія:

– Не. Я сышла. Алег Паўлавіч, вы можаце гарантаваць, што ў любым грамадскім месцы нашага горада мы зможам знаходзіцца з дзецьмі, каб ніхто не прасіў нас сысці?

Алег Бегунец:

– Так. Я гарантую вам.

Відэа з сустрэчы:

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский