З Людмілай Пашчук мы сустрэліся ля будынка Маладзечанскага РАУС, куды яна прыйшла падтрымаць затрыманых. Фота аўтара.

Маладзечанка Людміла Пашчук 9 жніўня была членам выбарчай камісіі на 10-м Елгаўскім участку, які месціўся ў гімназіі №6. Калі скончыліся выбары, усе члены камісіі выйшлі праз чорны ўваход і паехалі на спецыяльным аўтобусе ў суправаджэнні міліцыянера. А Людміла выйшла праз цэнтральныя дзверы і па Вялікім Гасцінцы ішла дамоў пешшу. Кажа, ёй не было чаго баяцца. Людміла зрабіла ўсё, каб галасы на ўчастку палічылі правільна.

Рашэнне падацца ў члены камісіі не ўхвалілі ні бацькі, ні сябры

– У члены выбарчай камісіі я падалася ад грамадзян. Маю кандыдатуру зацвердзілі. Відаць, спрацавала тое, што маю значны досвед працы ў выбарчых камісіях. Пяць год пасля заканчэння БДУ я была педагогам-псіхолагам у гімназіі №6. Там гэты досвед і набыла, – расказвае Людміла.

Па словах маладзечанкі, яе рашэнне падацца ў члены камісіі не ўхвалілі ні бацькі, ні сябры:

– Таму я вырашыла для сябе: зрабіць усё, каб на нашым участку галасы палічылі правільна. І каб мне не было сорамна глядзець у вочы бацькам і сябрам. Адчувала сваю адказнасць і перад людзьмі, якія пакінулі за мяне подпісы, вылучыўшы ў члены камісіі.

Ніколі не бачыла такой яўкі, як 9 жніўня

Па словах Людмілы, 9 жніўня яўка на 10-м Елгаўскім была проста ўзорная. Як член камісіі, яна ўпершыню бачыла столькі людзей дзень галасавання. Прыходзіла шмат знаёмых Людмілы: яе колішнія выпускнікі, іх бацькі.

Многія, асабліва былыя вучні гімназіі, звярталіся да членаў камісіі, прасілі, каб лічылі правільна.

Пасля абеду маладзечанка паехала на галасаванне па кватэрах. Людміла не пыталася ў людзей, за каго яны галасуюць. Але некаторыя выбаршчыкі, што галасавалі дома, самі казалі: «Хай бы ўжо жанчына была».

Бліжэй да вечара на ўчастку людзей стала менш. Чаргі не было. На ўчастку прысутнічалі назіральнікі. Але незалежных сярод іх не было. Такіх праганялі на вуліцу. Роўна ў 20:00 урны зачынілі і пачалі лічыць галасы. Спачатку лічылі ў урне для надомнага галасавання, пасля – для датэрміновага. Апошняй сталі лічыць тую ўрну, у якой былі бюлетэні за 9 жніўня.

Калі б усе галасавалі 9 жніўня…

– І вось, калі пачалі складаць тыя бюлетэні, што людзі запаўнялі менавіта ў дзень выбараў, стос за Ціханоўскую быў у некалькі разоў таўсцейшы, чым за Лукашэнку. І тады я зразумела, што павінна захаваць усе галасы за Ціханоўскую. Сказала: «Лічым праўдзіва». Забрала ўсе бюлетэні да сябе і пільна сачыла за імі. У імкненні да праўдзівасці мяне падтрымаў бацька майго выпускніка, які таксама быў членам камісіі, вылучаным ад грамадзян.

Лічылі доўга, шмат разоў пералічвалі. Прапаноўвалі бюлетэні за Ціханоўскую даць палічыць камусьці іншаму, але я не пагаджалася.

Калі ў нейкі момант каля 50 аркушаў з майго стоса пераклалі на крэсла, я адразу ж сказала, каб іх вярнулі. Разумела: нельга даказаць праўдзівасць або непраўдзівасць датэрміновага галасавання. Таму ўсё, што я магла зрабіць, – гэта захаваць кожны голас, аддадзены на ўчастку за Святлану Ціханоўскую, – прыгадвае Людміла.

Суразмоўца адзначае: яна не магла ведаць, ці была рада камісія такім яе паводзінам. Але людзі не супраціўляліся.

– У выніковым пратаколе, з улікам датэрміновага галасавання, вынікі атрымаліся такія: 880 – за Лукашэнку, 597 – за Ціханоўскую. Так, Ціханоўская не перамагла. Але ў яе вельмі добры вынік, не 10 працэнтаў. Я перакананая: калі б усе галасавалі ў дзень выбараў, была б адназначная перамога Святланы Ціханоўскай, – дзеліцца Людміла.

Амаль усе былыя калегі-педагогі адпісаліся ў сацсетках

Па словах суразмоўцы, увечары пасля працы на выбарчым участку за ўсімі членамі камісіі прыехаў аўтобус з міліцыянерам, каб у мэтах бяспекі развезці іх.

– Але я была ў стане такой эйфарыі ад таго, што зрабіла ўсё, што змагла. Я выйшла праз цэнтральны ўваход. Міліцыянер пераконваў, што не варта ісці адной, што мяне можа чакаць небяспека. Але я не пагадзілася. Не разумела, што мне можа пагражаць, калі я па максімуму выканала сваю місію.

Я спакойна ішла па вуліцы свайго горада, а мае бацькі ўжо былі на плошчы.

Прыйшла і ноччу на эмоцыях напісала пост у інстаграме пра тое, як захавала 597 галасоў на сваім участку. Шматлікія знаёмыя тэлефанавалі, дзякавалі, падтрымлівалі. А вось з былых калег з шостай гімназіі са словамі падзякі адгукнулася толькі адна. Іншыя адпісаліся ад мяне ў сацсетках. Але я не думаю, што гэта мая самая вялікая праблема. Куды больш важна, што мне цяпер не сорамна глядзець у вочы сваім бацькам, сябрам і колішнім выпускнікам шостай гімназіі, – адзначыла Людміла.

 

• Текст доступен на языке: Русский