Падчас акцыі медыцынскіх работнікаў. Фота Настассі Уткінай.

21 жніўня ў Маладзечне адбылася акцыя медыцынскіх работнікаў супраць гвалту. Яны вымяралі жадаючым ціск, частавалі цукеркамі, давалі рэкамендацыі. 

Мы распыталіся дактароў, чаму яны вырашылі далучыцца да акцый.

Доктар-уролаг бальніцы №1 Дзмітры Катляр:

– Тут мірныя лозунгі і прапановы. У нас, у кожнага медыка, баліць душа за палітычную сітуацыю. Мы ўсе падтрымліваем агульнанацыянальны пратэст.

Мы не афішуем палітычныя лозунгі, але гэта напісана на сэрцы крывёй. Медыкі гэтаксама эмацыйна і сардэчна цалкам падтрымліваюць агульнанацыянальны пратэст.

Проста мы ў сілу прафесіі не можам баставаць, таму што гэта адгукнецца на здароўі людзей. Калі б гэта ўплывала на эканоміку, я бы ўжо ўчора падтрымаў забастоўку. Упэўнены, што гэтаксама думаюць мае калегі.

Доктар псіхіятр-нарколаг Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансэра Юлія Вагура:

– Тут сабраліся прадстаўнікі Маладзечанскай ЦРБ з розных падраздзяленняў. Сабраліся, каб падтрымаць агульнанацыянальную акцыю і паказаць, што мы гэтаксама, як і, на маю думку, большасць грамадзян нашай краіны, супраць гвалту і супраць тых беспарадкаў, якія цяпер адбываюцца.

Мы хочам, каб нашы галасы былі палічаныя. Хочам перамен. Мы за тое, каб Беларусь жыла.

Канешне, мы выходзім на працу, але падтрымліваем усіх бастуючых. Мы ходзім на працу толькі па адной прычыне – таму што цэнім жыццё і здароўе грамадзян. Калі б гэта была не медыцына, то мы бы падтрымалі прадпрыемствы нашай краіны і таксама сышлі б на забастоўку.

Ужо ёсць выпадкі, калі людзі звяртаюцца ў сувязі з тым, што знаходзяцца ў стане траўмы. Думаю, што ў бліжэйшы месяц-два такіх людзей стане ў разы больш. Пойдуць сваякі, сябры, знаёмыя, самі пацярпелыя. На фізічным узроўні сіняк можа і прайшоў, а якая псіхалагічная траўма?

• Текст доступен на языке: Русский