20 жніўня на плошчы Свабоды ў Валожыне прайшоў мітынг «За Беларусь! За мір і спакой у краіне». Тэрыторыю плошчы абгарадзілі жалезным плотам, прайсці можна было толькі праз прапускныя пункты з кантролем міліцыі.

На плошчы сабралася каля 250 чалавек. У руках людзей дзяржаўныя сцягі і надрукаваныя плакаты: «Мы за мір і стабільнась», «Не разрывайце нашу Беларусь», «Не дадзім разваліць краіну».

Роўна а 18:00 мітынг пачаўся. Першым выступіў старшыня валожынскага раёна Яўген Круковіч. Старшыні з мікрафонам дапамагаў начальнік ідэалагічнай работы Вікенці Адамовіч.

Вікенці Адамовіч.
Яўген Круковіч.

— Мы ў адказе за нашу Рэспубліку і мы яе не аддадзім. За Беларусь! — праскандзіраваў старшыня старшыня.

Публіка падтрымала выступоўцу.

— Мы паважаем выбар кожнага, але хочам, каб паважалі меркаванне большасці.

Скончыў сваю кароткую прамову старшыня новым для нашага рэгіёну слоганам:

— За бацьку.

Далей мікрафон перайшоў да людзей, якія стаялі пад сцэнай. Выступоўцы не прадстаўляліся.

Выйшла пенсіянерка. Распавяла пра Украіну. Кажа, што там зарплата маленькая, пенсіі маленькія.

— А ў нас у рэспубліцы падкупленыя маладыя людзі з рэчмяшкамі ідуць на вуліцу. У гэтых мяшках зброя, накіраваная супраць праваахоўных органаў, супрацоўнікаў АМАП. — сцвярджала выступоўца.

Скончыла свой выступ лозунгам: За бацьку! За родную Беларусь!

Наступная выступоўца, распавяла, што прыйшла сюды выпадкова, але ёй ніхто не перашкаджаў. «Няхай ніхто не перашкодзіць нам жыць спакойна» — заявіла яна.

У асноўным выступаюць пажылыя людзі, расказваюць, як цяжка жылося раней у 90-я і як добра і спакойна зараз.

«Рэгіянальная газета» паразмаўляла з мітынгоўцамі і распытала чаму яны сюды прыйшлі.

Алена, педагог на пенсіі і ўнук Улад.

Прыйшлі, таму што хочам міру. Хочам, каб квітнела Беларусь. Мы не хочам вайны. Мы хочам, каб дзеці спакойна ў школу пайшлі, як заўсёды. Каб мы пенсіянеры дажылі спакойна.

— Хтосьці пагражае нашаму міру?

— Спадзяюся, што не. Спадзяюся, што людзі ў добрым розуме і ўсё будзе добра.

Алена прызнаецца, што пасля падзеяў звязаных з разгонам пратэстоўцаў у Мінску цяпер асцерагаецца ездзіць у сталіцу.

— Я баюся ездзіць у Мінск чыста пагуляць, проста схадзіць у тыя месцы, што я люблю. Дапусцім, батанічны сад, музей ВАВ. А зараз я пабойваюся.

Як пагляджу, пачытаю, так і баюся.

— Вам нехта перашкаджае?

— Ніхто не перашкаджае, але навеялі страх нейкі.

—  Ад каго страх?

— Ад людзей мусіць. Раз’яднаналася грамадства.

Алена перакананая, што выбары адбыліся. Яна галасавала за Лукашэнку, якому сёння альтэрнатывы няма.

— Палі засеяны, мір, стабільнасць. Што мне больш прасіць?

Вольга, працуе настаўнікам у аграгарадку Доры:

— Прыйшла, таму што я за Беларусь, за мір, за незалежнасьць.

— Як вы даведаліся пра мітынг?

— Сказалі, прапанавалі, я не адмовілася.

У Вольгі ў руках плакат, злеплены з шасці лістоў паперы, з надрукаваным на прынтары тэкстам: «Мы цэнім мір і парадак у краіне». Плакат, прызнаецца, выдалі ўжо тут на мітынгу.

Да разгону пратэстаў ставіцца адмоўна.

— Вядома, былі там смерці — гэта жорстка. Я супраць такога. Я чалавек мірны.

На думку Вольгі, сілавы разгон нехта правакаваў, бо жорсткасць праваахоўнікаў проста так не магла быць.

На плошчу прыйшлі работніцы аддзела пошты Валожына: Анастасія, Аксана і Людміла.

Анастасія, Аксана, Людміла.

Анастасія:

— Прыйшлі сюды, каб была справядлівасць, каб усё добра ў краіне былі. Прачыталі ў інтэрнэце аб’яву аб мітынгу і прыйшлі.

Аксана:

— Прыйшла за Беларусь, каб б не лаяўся ніхто. Каб нас іншы бок пачуў. Каб нас не падзялялі.

З нагоды збіцця і смерцяў сярод пратэстуючых пасля выбараў перажываюць, але пратэсты не ўхваляюць.

Людміла:

— Ніхто іх туды сілай не адпраўляў, яны пайшлі самі. Вядома, шкада, што так здарылася. Ніхто нікому не жадаў смерці, проста любая рэвалюцыя прыносіць ахвяры

— Некаторыя можа і патрапілі выпадкова, таму што былі не ў тым месцы. Сын у Мінску на хуткай працуе, распавядаў, што да іх прыходзіў хлопец здымаць пабоі. «Хоць тры дні вочы ад гаджэтаў адпачылі, кармілі» — казаў. Другі быў пабіты, з сінякамі, іх прымушалі на камеру казаць, іх раней адпусцілі.

— Так, людзі можа выйшлі з мірнымі мэтамі. Але былі сярод іх тыя, хто нагняталі становішча, — мяркуе Людміла.

На плошчы стаіць дзясятак чалавек з дзяржаўнымі сцягамі, але яны адмовіліся даваць каментары. Не адмовіўся інжынер Леанід.

Леанід, інжынер.

— Прыйшоў за Беларусь, падтрымаць нашага прэзідэнта. Каму патрэбныя гэтыя беспарадкі пасля выбараў? Хто выступае супраць, таму і патрэбныя гэтыя беспарадкі.

Леанід прызнаецца, што сцяг у яго вісіць на доме, ён яго зняў і прыйшоў на мітынг. Дарэчы, калі мітынг скончыўся, Леанід апынуўся адзіным, хто пайшоў па вуліцы з сцягам. Астатнія ўдзельнікі здалі свае сцягі чалавеку за сцэнай і разышліся ўжо з свабоднымі рукамі. Вялікая частка мітынгоўцаў пасля сканчэння мерапрыемства накіравалася на стаянку каля рэстарана «Іслач», дзе на іх чакалі школьныя аўтобусы. Мы налічылі мінімум чатыры такіх аўтобусаў. Мітынгоўцы селі ў аўтобусы і раз’ехаліся.

Як у Маладзечне прайшла акцыя «За Беларусь!»