Аляксей Крэнць і Сяргей Сідаровіч. Фота Ганны Мігдал.

Сяргея Сідаровіча і Аляксея Крэнця затрымалі ў Маладзечне 13 жніўня на аўтобусным прыпынку, дзе яны расклейвалі лістоўкі. Па меркаванні хлопцаў, іх высачылі і затрымалі за ўдзел у акцыі 10 жніўня.

Сяргей: Мы расклейвалі лістоўкі з вытрымкай з 33 артыкула Канстытуцыі (артыкул 33 гарантуе кожнаму свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне – заўвага аўтара). Мы ўжо адыходзілі ад прыпынка, калі нас затрымалі невядомыя людзі – іх было трое, яны не прадставіліся і былі без формы.

Сказалі, што мы самі разумеем, за што нас затрымліваюць. Завялі ў звычайную грамадзянскую «Джылі», там адразу забралі тэлефоны і завезлі ў РАУС. Пакуль забіралі, нават не верылася, што нас напраўду забіраюць, здавалася, зараз падвядуць да машыны, скажуць: “Гэй, рабяты, мы пажартавалі”. Але не.

Маладыя людзі на месцы затрымання.

Затрыманне прайшло спакойна, а ў РАУС, калі нас перадалі двум іншым супрацоўнікам, пачаліся пагрозы і абразы. Мяне прымусілі назваць пароль ад тэлефона. Казалі, што нам няма сэнсу ў гэта верыць, што ўсё будзе, як і было, што мы нічога не зменім, што мы дурныя і нічога не дабіліся. Выкарыстоўвалі шмат нецэнзурнай лексікі.

Аляксей: Пакуль мяне вялі ў СІЗО, пагражалі, што саб’юць.

Сяргей: Пагражалі аддаць нас АМАПу пагуляцца.

Пасадзілі ў камеру нас ужо ноччу, хаця забралі а пятай вечара. Мы доўга былі ў кабінетах, нас доўга распытвалі, доўга запаўнялі пратаколы, мы доўга сядзелі ў гэтых «стаканах».

Аляксей: Там блявоцінай смярдзела, у куце кал ляжаў.

Сяргей: Казалі, што некаторых не пускалі ў прыбіральню. Але нам прапанавалі туды завесці.

Не было рашэння суда і мы не ведалі, колькі нам сядзець. Ты сядзіш і маральна рыхтуешся, што гэта могуць быць суткі, можа быць пяць, дзесяць, дваццаць.

У маёй камеры ўсіх затрымалі раней. Таму, калі мяне прывялі, яны распытвалі, што адбываецца, якія навіны. Збольшага гэта былі людзі выпадковыя. Нехта ішоў дамоў, нехта – да сябра, нехта выходзіў з крамы.

Адзін з іх быў з дачкой, яго затрымалі, а яе кінулі на вуліцы.

А мы засвяціліся 10-га на відэа, таму нас лёгка можна было знайсці. Нас менавіта за той дзень і судзілі. Суд быў на наступны дзень а чацвёртай вечара. За мітынг далі па 20 базавых кожнаму, а за лістоўкі Лёшы чамусьці далі 4 базавыя, а мне толькі адну. Груба кажучы, суткі мы адседзелі, тады нам далі штраф і адпусцілі.

Аляксей: У пратаколах зманілі. Напісалі, што на мітынгу мы выказвалі незадаволенасць дзеючай уладай і шумелі. А мы моўчкі стаялі на каленях.

Сяргей: Пратаколы ўвогуле не даюць чытаць. Калі следчы Лёшы прынамсі быў спакойны і адэкватны, то мой увесь час крычаў і абражаў.

Аляксей: Апошнім радком у пратаколах было напісана, што слядоў злачынства няма, мы невінаватыя. Але і гэта адсудзілі. Аказаліся вінаватымі. А чалавеку, які на судзе спрабаваў даказаць, што ён нічога не крычаў, далі 15 сутак.

Наконт дапамогі па штрафах з намі звязаліся валанцёры, па нашай справе працуе адвакат. Людзі дапамагаюць.

Нам не растлумачылі, што трэба ісці ў суд па пастанову, не далі ні копій пратаколаў, ні актаў вопісу маёмасці. Аддалі шнуркі, рамяні і ключы, сказалі сыходзіць.

Я толькі сёння змог атрымаць пастанову, хаця, здавалася б, тэлефон забралі даўно. Мы разам прыходзілі ў панядзелак – Лёшы далі пастанову, а мне не аддавалі. Я прыходзіў некалькі разоў пасля, мне адмаўляліся аддаваць. Сказалі, мой тэлефон увогуле згубілі.

Я яшчэ не раз бачыў таго супрацоўніка, што мяне вёў у машыну, у горадзе. Пытаў, ці нас білі, чаго мы дамагліся. Сустракаў і мужчыну, з якім разам сядзеў. Нашмат адрозніваецца чалавек у камеры СІЗА ад таго, якім яго сустракаеш на вуліцы.

Аляксей: Не дзіва, там такая антысанітарыя – клапы, блохі, вошы…

Сяргей: Так, пакусалі. Але, у прынцыпе, было нармальна. Спаць можна, цёпла, давалі прыкурыць, кіпень давалі на чай. Выжыць можна. А калі я забіраў пастанову, абяцалі, што клапоў патравяць.

Самае страшнае было трапіць у СІЗА. Калі ўжо трапіў, і баяцца няма чаго.

Нават у той дзень, калі выпусцілі, прыйшоў дадому, пераапрануўся і адразу пайшоў на мітынг. Ні адзін не прапускаем. На акцыі ходзіць мая маці з малодшай сястрой на руках, мамін хлопец, мой бацька выстойвае ўсю акцыю на мыліцах (ён інвалід і не мае нагі), старэйшая сястра (а яна працуе ў дзяржаўнай установе), мая дзяўчына, бацькі дзяўчыны.

Магчыма, і добра, што пачаўся ўвесь гэты рух. Я ніколі не бачыў беларусаў настолькі з’яднанымі. Ёсць графіт, і ёсць алмаз. Рэчыва тое самае, а шчыльнасць розная.

Цяпер Беларусь – гэта сапраўдны алмаз.

«Не пускалі ў туалет, казалі хадзіць пад сябе». Пра затрыманне ў Маладзечне расказвае раварыст

«Не пускалі ў туалет, казалі хадзіць пад сябе». Пра затрыманне ў Маладзечне расказвае раварыст

«Амапаўцы хадзілі па нас у аўтазаку, а дактароў не пускалі». Маладзечанская сям’я расказала пра затрыманне

«Калі збіваў АМАП, брат майго аднакласніка пасмяяўся і пайшоў. Ён міліцыянер» (Відэа)

«Завялі ў дворык і паклалі тварам у асфальт». Акцёр Павел Святоха – пра затрыманне на мірнай акцыі ў Маладзечне (Фота, відэа)

Маладзечанцу з чэрапна-мазгавой траўмай тры дні не аказвалі меддапамогу (Відэа)

«У бусіку амапаўцы сядзелі на нас і білі ўсю дарогу». Што абылося з затрыманымі ўчора ў Лебедзеве