Фота Настассі УТКІНАЙ.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін асцерагаецца, што дзеянні сілавога блока «па стабілізацыі становішча» ў краіне могуць быць выкарыстаны знешнімі сіламі і палітычнымі апанентамі ў якасці падставы для змены палітычнага курсу Рэспублікі Беларусь сілавым шляхам, паведамляе  Інтэрфакс.

«У сітуацыі, якая склалася, дзеянні сілавога блока Рэспублікі Беларусь па стабілізацыі абстаноўкі могуць быць прадстаўлены як генацыд уласнага народа і выкарыстаны ў якасці падставы для змены палітычнага курсу Рэспублікі Беларусь сілавым шляхам», – заявіў Хрэнін у суботу на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў Гродне.

Паводле яго слоў, такі сцэнар магчымы «ў першую чаргу, з прымяненнем частак і падраздзяленняў высокай гатоўнасці, разгорнутых у непасрэднай блізкасці ад нашай дзяржаўнай мяжы».

Міністр распавёў, што «для забеспячэння авіяцыйнай падтрымкі іх дзеянняў могуць быць ужытыя 18 знішчальнікаў F-16 Ваенна-паветраных сіл Злучаных Штатаў, нядаўна прывезеныя з Германіі на авіяцыйную базу Ласк у Польшчы. Падлётны час да дзяржмяжы (Беларусі) складае каля 22 хвілін».

Ён адзначыў, што «асноўнай скіраванасцю мерапрыемстваў аператыўнай боепадрыхтоўкі ўзброеных сіл краін — членаў NATO з’яўляецца адпрацоўка пытанняў прымянення войскаў ва ўмовах крызіснага рэагавання, а таксама падчас вядзення наступальных дзеянняў».

• Текст доступен на языке: Русский