У вілейскай школе №3. Фота Аксаны Ярашонак.

У Міністэрстве аховы здароўя апублікавалі метадычныя рэкамендацыі пра тое, як наладзіць адукацыйны працэс ва ўмовах пандэміі каронавіруса.

Перад пачаткам навучальнага года ва ўстановах адукацыі павінны распрацаваць і зацвердзіць План супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Рэкамендуюць па магчымасці павялічыць на пяць хвілін перапынкі і перазменкі, каб часцей праветрываць кабінеты. У школах максімальна размежаваць дзве змены.

Размяжоўваць навучэнцаў рэкамендуюць у гардэробах, сталовых, калідорах. Не праводзіць масавыя мерапрыемствы, сумесныя паездкі, культпаходы.

Па магчымасці не карыстацца агульным абсталяваннем (навушнікамі, камп’ютэрамі) у лінгафонных кабінетах. Калі гэта немагчыма – дэзінфікаваць абсталяванне.

Таксама спецыялісты Міністэрства выступаюць за абмежаванне ці забарону бацькоўскіх сходаў, педсаветаў, дзе збіраецца больш за пяць чалавек. Нарады раяць праводзіць у выглядзе відэаканферэнцый.

За кожным класам варта замацаваць асобны кабінет, абмяжоўваць наведванне ўстаноў сваякамі навучэнцаў.