Згодна з Хронікай польскага гісторыка Яна Длугаша, гімн "Багародзіца" спявала аб'яднанае войска ВКЛ і Рэчы Паспалітай перад Грунвальдскай бітвай. У якасці ілюстрацыі - карціна Яна Матэйкі "Грунвальсдская бітва".

Гімн побач з гербам і сцягам з’яўляецца дзяржаўным сімвалам краіны. Прапануем прыгадаць, якія песні ў розныя часы былі беларускімі гімнамі.

«Багародзіца» – не малітва. А старажытны гімн

«Багародзіца» – гімн Вялікага Княства Літоўскага ў 14–18 стагоддзях і найстарэйшы польскі рэлігійны гімн. Ад 15 стагоддзя называўся таксама «Песняй Айчыны» і ўжо тады лічыўся старадаўнім. «Багародзіцу» спявалі пры каранацыях, прыдворных цырымоніях і іншых урачыстасцях, перад вайсковымі бітвамі, пры асвячэнні мошчаў святых, на пахаваннях дзяржаўных асоб. «Багародзіцу» адносяць да гімнаў, а не да малітваў, бо твор мае вершаваны тэкст. Найстарэйшы запіс тэксту з мелодыяй зроблены ў 1407 годзе. Ужытыя ў тэксце архаізмы кажуць пра тое, што гімн мог узнікнуць у 13 стагоддзі. «Багародзіца» з’яўляецца арыгінальным творам.

Даследчыкі не адшукалі адпаведнікаў у грэчаскай, лацінскай, чэшскай і нямецкай літаратурах. Упершыню ў крыніцах «Багародзіца» згадваецца польскім гісторыкам 15 стагоддзя Янам Длугашам.

У сваёй Хроніцы ён распавядае, што на пачатку бітвы пры Грунвальдзе польска-літоўскае войска заспявала «Багародзіцу» і, патрасаючы дзідамі, рушыла на ворага.

У канцы 14 стагоддзя «Багародзіца» разам з каралём Ягайлам і яго прыбліжанымі трапіла ў Польшчу. У 15 стагоддзі гімн ужо быў шырокавядомы ў Польшчы, стаўшы вайсковым і рэлігійным гімнам Рэчы Паспалітай. Гімн прызначаны для выканання мужчынскім хорам ва ўнісон ці голасам.

Тэкст гімна БНР напісаў настаўнік, што працаваў у Радашкавічах

Песня «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» таксама вядомая як «Ваяцкі марш». Тэкст быў упершыню апублікаваны 30 кастрычніка 1919 года ў газеце «Беларусь» пад назвай «Ваяцкі гімн». Аўтар тэксту – дэлегат Першага Усебеларускага з’езда 1917 года, настаўнік Макар Краўцоў, які працаваў у Мінску і Радашкавічах. У 1930-х Краўцоў быў асуджаны камуністамі і закатаваны падчас допытаў восенню 1939 года.

Музыку да гімна напісаў Уладзімір Тэраўскі – вядомы як кіраўнік хору Белдзяржуніверсітэта, аўтар музыкі да шэрагу спектакляў і песні «Купалінка». Кампазітара расстралялі за год да смерці паэта Краўцова ў Мінску. Магчыма, у Курапатах.

Такім чынам, абодва аўтары гімна БНР сталі ахвярамі савецкага тэрору.

У якасці гімна Беларусі марш быў прыняты ў 1920 годзе. На момант яго напісання БНР ужо дэ-факта не існавала, а яе кіраўніцтва знаходзілася ў выгнанні.

Марш актыўна выкарыстоўваўся арганізацыямі беларускай дыяспары, якія стаялі на незалежніцкіх пазіцыях. У 1991 годзе, пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі, была прапановы зрабіць «Ваяцкі марш» гімнам Рэспублікі Беларусь.

Паэт з-за савецкіх уладаў ледзь не ўчыніў суіцыд. А потым напісаў гімн

Гімн Беларускай ССР створаны ў 1955 годзе. Музыка Нестара Сакалоўскага, словы Міхася Клімковіча. З’яўляўся дзяржаўным гімнам у 1955-1991 гадах. Упершыню гімн прагучаў у Дзяржаўным акадэмічным тэатры оперы і балета. Яшчэ да напісання гімна, у 1936 годзе, паэта Міхася Клімковіча савецкія ўлады абвінавацілі ў  жыццё самагубствам – перарэзаў сабе горла.

«Радзіма мая дарагая» – незацверджаны гімн

У 1991 годзе гімн БССР стаў неактуальным, а новага не было. Таму да 1995 года ў яго якасці часта выкарыстоўвалі песню на словы Алеся Бачылы «Радзіма мая дарагая». Аўтарам музыкі быў Уладзімір Алоўнікаў. На пачатку 1990-х мелодыя песні была пазыўнымі на беларускім радыё.

У гэты ж час верш Бачылы пачалі друкаваць у школьных дзённіках побач са сцягам і гербам. Сам Алоўнікаў не хацеў, каб песня стала афіцыйным гімнам.

Кампазітару было важна, каб яго песні спявалі проста так. А гімны проста так не спяваюць.

Конкурс гімнаў без пераможца

Пасля зацвярджэння герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў паўстала пытанне пра новы дзяржаўны гімн. Міністэрства культуры ў 1991 годзе абвясціла конкурс. Тэкст і музыку павінна было ацэньваць журы пад кіраўніцтвам Ніла Гілевіча. У журы ўвайшлі 22 чалавекі. Сярод іх – Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Вольга Іпатава, Адам Мальдзіс, Дзмітры Смольскі.

Паступіла звыш трохсот варыянтаў новага гімна. Журы адабрала 50 лепшых. У далейшым планавалася ўзяць ад трох да пяці варыянтаў і зрабіць усенароднае праслухоўванне на радыё.

Разам з аматарскімі варыянтамі журы вырашыла прадставіць на праслухоўванне варыянты гімнаў, створаныя на верш «Пагоня» Максіма Багдановіча, «Магутны Божа» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Наталлі Арсенневай і Макара Краўцова.

24 снежня 1992 года журы разгледзела 18 варыянтаў гімна, аднак ні адзін з іх так і не стаў візітнай карткай Беларусі. У асноўным спрэчкі вяліся вакол тэкстаў Наталлі Арсенневай, Максіма Багдановіча і Макара Краўцова.

Конкурс цягнуўся да 1995 года. Аднак гімн так і не абралі. Журы выказалася пра тое, што найбольш прымальны тэкст Наталлі Арсенневай «Магутны божа». Але ў газеце «Советская Белоруссия» з’явіўся артыкул, аўтары якога сцвярджалі, што аўтарам гімна павінны быць узорна-паказальны ча- лавек, а не Арсеннева, якая быццам бы мел сувязі з фашыстамі.

Да пачатку 2000-х на афіцыйных імпрэзах гучала мелодыя старога гімна

Да пачачку 2000-х на афіцыйных дзяржаўных мерапрыемствах выкарыстоўвалася толькі музыка гімна БССР. Без слоў. Менавіта яна гучала падчас першай прысягі Аляксандра Лукашэнкі. У 2002 годзе Лукашэнка аб’явіў конкурс на стварэнне гімна. Пераможцам абяцалі шчодры ганарар.

«Мы – беларусы, мірныя людзі». Мелодыя старая, словы новыя часткова

У выніку абралі варыянт гімна «Мы – беларусы, мірныя людзі». Мелодыя засталася тая ж, што ў 1955 годзе пісаў Нестар Сакалоўскі. А словы Міхася Клімковіча перарабіў Уладзімір Карызна.

Мовазнаўцы не раз адзначалі хібы сучаснага гімна. У прыватнасці націск на «і» ў слове «імя» ў прыпеве. І немілагучнае спалучэнне «радасці сцяг» у адным з куплетаў.