Фота Настассі Уткінай.

25 жніўня, каля 04.30 нарад ДАІ Мінскага РУУС звярнуў увагу на аўтамабіль, які ехаў па МКАД са спушчаным пярэднім колам і без уключаных фар, піша МУС.

Для прыпынку іншамаркі міліцыянты ўключылі пробліскавыя маячкі сіняга і чырвонага колераў, а таксама запатрабавалі спыніць рух. Замест гэтага кіроўца павялічыў хуткасць і паспрабаваў уцячы.

Падчас пагоні на МКАД хуткасць правапарушальніка дасягала 150 км г, ствараючы тым самым рэальную небяспеку для ўдзельнікаў дарожнага руху. На затрыманне накіравалі дадатковыя нарады гарадской ДАІ.

На развязцы МКАД-вул.Прытыцкага-М6 кіроўца з’ехаў з кальцавой і працягнуў рух у бок Гродна да развязкі з аўтадарогай «Радашкавічы-Ракаў». Там ён не справіўся з кіраваннем. Іншамарку занесла, і яна спынілася.

Калі інспектары выбеглі на вуліцу, кіроўца рэзка паехаў у іх бок і ўрэзаўся ў службовы аўтамабіль. У выніку мужчыну затрымалі ў Ракаве пасля таго, як ён урэзаўся ў агароджу і паспрабаваў уцячы ў лес.

Кіроўцам аказаўся 18-гадовы жыхар Валожынскага раёна, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

У дачыненні да затрыманага складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў. Таксама праводзіцца праверка па факце ўгону.

• Текст доступен на языке: Русский