Бабуля Мікіты Крыўцова. Фота Настассі Уткінай.

Учора ў Маладзечне адбылося пахаванне 28-гадовага Мікіты Крыўцова.

Бабуля Мікіты Зоя Фёдараўна пасля пахавання паразмаўляла з журналістамі. Жанчына расказала, што выхоўвала Мікіту ад пялюшак да вяселля, таму ўнук для яе такі родны:

– Яго палічылі страшным лідарам, а па тэлевізары казалі, што ўсіх лідараў патрэбна знішчаць, каб іншым не было павадна. Так, сябры да яго прыслухоўваліся, ён меў аўтарытэт, яго любілі. Забраць яго з морга было вельмі складана. Не давалі паглядзець. А як забраць, я ж не ведаю, што аддаюць. Але следчы дабіўся, каб бацьку паказалі цела. А што там паказаць, калі няма твару?

Бацька пазнаў яго па татуіроўках, яны ж не знікаюць. Была татуіроўка з матрошкай з надпісам «Варвара», у гонар дачкі.

Нам сказалі, што гэта быў суіцыд. Ён бы ніколі такога не зрабіў, у гэтым дачыненні ён слабы. Да таго ж, як можа чалавек правісець у скверыку ў такую спёку, ды каб ніхто не бачыў? Бацьку паказвалі фотаздымкі з месца, дзе знайшлі. Тата не змог глядзець, таму што твару не было. Нам вельмі цяжка, мы ўсе на леках.