Ларыса і яе скрыпка. Фота забяспечанае гераіняй публікацыі.

Больш за 20 год Ларыса Язневіч працавала ў дзяржустановах культуры. Выкладала скрыпку ў музычнай школе, іграла ў сімфанічным аркестры Маладзечанскага музкаледжа, загадвала Домам культуры ў Палачанах. Праца падабалася. Але аднойчы вырашыла пачаць сваю справу па правядзенні свят.

Ларыса – прафесійная скрыпачка. Пачынала з музычнай школы. Пасля былі Маладзечанскае музвучылішча і ўніверсітэт культуры. Думкі пра ўласную справу з’явіліся падчас працы ў Палачанскім СДК:

– Неяк мяне і маю таленавітую каманду запрасілі правесці свята для «Камунальніка». Усё атрымалася. Сябры мне казалі тады: «Чаму не пачнеш уласную справу?». Не адразу я змагла рашыцца пайсці ў вольнае плаванне.

Разумела: гэта адказна і не так лёгка. Пасля правесцi свята запрасіла яшчэ адно прадпрыемства. Зноў поспех i высокая ацэнка працы. Знаёмыя i сябры не раз прасілі зладзіць iм вяселле цi юбiлей. Бачыла, што магу, што людзям падабаецца. Сама пісала сцэнарыі, асвоіла эстрадную скрыпку. Шукала ў інтэрнэце п’есы, слухала вядомых скрыпачоў. Адчувала: змагу працаваць. Тым больш, люблю ўсё новае, нязведанае.

Новы год пачаўся ад 20 снежня

Урэшце Ларыса сышла з дзяржаўнай працы i пачала займацца арганiзацыяй i правядзеннем сямейных урачыстасцяў, канцэртаў, прафесiйных святаў, карпаратываў для прадпрыемстваў нашага рэгіёна. Усё атрымлiвалася, клiенты заставалiся задаволенымi. Канешне, увесь час развівалася, прапаноўвала нешта новае, арыгiнальнае, укладалася ў рэкламу. Шмат залежала ад сезоннасці:

– Зімой працы шмат. Ды надыходзіць вясна, час Вялiкага посту – і цішыня. Але я ў гэтай сферы не першы год, і пра асаблівасці сезона ведаю. Чаму, папрацаваўшы зімой, не зрабіць адпачынак і правесці яго з сям’ёй.

У вольны час таксама папаўняю скрыпiчны рэпертуар. Вывучыць новую кампазiцыю – гэта ж справа не аднаго дня, – дзеліцца суразмоўца.

У гэтым сезоне Новы год для Ларысы пачаўсяад 20 снежня. Амаль штодзень былі карпаратывы. 31 снежня – навагодняя ноч у Астраўцы. У шэсць раніцы прыехала ў Маладзечна, а праз тры гадзіны ўжо імчала на свята ў Бягомль, на Віцебшчыну. Крыху на адпачынак – і 7 студзеня, на Каляды, ужо ладзіла юбілей у Красным.

Як атрымаць бязвыплатную субсідыю на адкрыццё ІП

Каб працаваць з прадпрыемствамі спатрэбілася ІП. Звярнулася ў райвыканкам. Там расказалі, што можна атрымаць субсідыю на адкрыццё справы.

– У Цэнтры занятасці зарэгістравалася як беспрацоўная, прайшла курсы прадпрымальнікаў, напісала бізнес-план. З планам было не вельмi проста: я чалавек культуры, а тут юрыдычныя пытанні. Але было б жаданне, i ўсё атрымаецца, – усмiхаецца Ларыса. – План ухвалілі, я атрымала каля 2600 рублёў. Даклала сваіх і набыла апаратуру.

– І вось у мяне адкрытае ІП, ёсць апаратура і жаданне працаваць. А тут – каронавірус. Але я не пашкадавала, што пачала сваю справу. Вясна для вядучых заўсёды не вельмі актыўная. З задавальненнем бавіла час з сям’ёй, займалася творчасцю. Ведала: у мяне яшчэ усё наперадзе. І сапраўды, летам людзі, якія з-за каронавіруса адкладалі вяселлі і юбілеі, пачалі іх спраўляць, – дзеліцца Ларыса.

А вы чулі панк-рок на скрыпцы?

Музыкант заўважыла, як па-асабліваму людзі ўспрымаюць яе скрыпку. Калі вядучая падчас мерапрыемства дастае музычны інструмент – гэта заўсёды ваў-эфект. Ларыса іграе лiрычныя і эстрадныя мелодыі, джаз і панк-рок. Ведае, што сыграць для вялікай кампаніі, а што – як рамантычны падарунак на невялічкім сямейным свяце. Неяк нават была Снягурачкай, што іграла на скрыпцы.

– Кожную ўпадабаную мелодыю хочацца хутчэй вывучыць, каб падарыць людзям хвiлiны радасцi ад гучання чароўнай скрыпкi, – дзеліцца суразмоўца.

Пытаюся ў Ларысы пра плюсы і мінусы яе цяперашняй працы.

– З плюсаў – магчымасць займацца любімай справай, увасабляць новыя ідэі, здзяйсняць цiкавыя праекты, мець адчуванне свабоды i палёту, нiбы птушка над морам. І, канешне, атрымліваць асалоду, яркія эмоцыі, шчырыя, цёплыя водгукі, якія натхняюць…

А мінусы? Калі працу любіш, мінусаў не заўважаеш, – перакананая Ларыса Язневіч.

• Текст доступен на языке: Русский