Журналісты «Рэгіянальнай газеты» распыталіся, чым займаюцца прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Маладзечна і ў якім стане ініцыятывы па зборы подпісаў. 

  1. Куды падзеўся Валер Савіцкі?

Валер Савіцкі стаў тым чалавекам, чый нумар тэлефона днём 14 жніўня ўзяў старшыня райвыканкама Юры Горлаў, каб паведаміць аб часе сустрэчы. Тады жыхары патрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам горада, каб ім адказалі на хвалюючыя пытанні. Горлаў абяцаў пазваніць у 17 гадзін і прызначыць час.

Са словаў Савіцкага, старшыня пазваніў у 17:10, калі пачалі выпускаць затрыманых на мітынгах. Паведаміў, што ў гэты дзень не можа сустрэцца, не гатовы размаўляць раней за панядзелак, 17 жніўня.

Днём у панядзелак, 17 жніўня адбыліся перамовы паміж прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы і старшынёй райвыканкама, начальнікамі маладзечанскіх РАУС і СК, пракурорам раёна. Ад ініцыятыўнай групы быў Савіцкі, прадпрымальнік Андрэй Чыжэўскі і мінскі юрыст, запрошаны Чыжэўскім.

На сустрэчы дамовіліся стварыць рабочую групу для вырашэння наспелых пытанняў, у якую будуць уваходзіць прадстаўнікі ўлады, сілавых структур, медыкаў і ініцыятыўнай групы. Што ўлада вызначыць месца для сходаў грамадзян і ініцыятыўнай групы. Што маладзечанская міліцыя прадставіць спіс па ўсіх затрыманых 9-13 жніўня. А ў канцы працоўнага дня ўдзельнікі падпішуць пратакол сустрэчы з прапісанымі дасягнутымі дамоўленасцямі.

Другая сустрэча адбылася ў канцы рабочага дня 17 жніўня. Пратакол сустрэчы паміж бакамі не быў падпісаны.

На наступны дзень, 18 жніўня, адбылася трэцяя сустрэча ініцыятыўнай групы з уладай, на ёй прысутнічала і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Канановіч. На гэтай сустрэчы Юры Горлаў прадаставіў фотаздымкі Савіцкага са сцягам ДНР і заявіў, што не мае даверу да Савіцкага і лічыць, што да яго не маюць даверу людзі на плошчы.

Пасля гэтага Савіцкі выступіў на плошчы і сказаў, што гатовы працягваць выконваць працу, але лічыць, што не можа выглядаць лідарам ініцыятыўнай групы.

23 жніўня Валерыя запрашалі ў міліцыю, дзе ён падпісаў дакумент, паводле якога ён азнаёмлены з адказнасцю за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Калі яго заўважаць на мітынгу, у яго адрас будзе заведзеная крымінальная справа.

Савіцкі падкрэслівае, што не даваў інтэрв’ю «Маскоўскаму камсамольцу», і напісанае там ад яго асобы – няпраўда.

– Я адыйшоў у бок, каб не раскалваць людзей на тых, каго не задавальняюць мае погляды і перакананні і на ўсіх астатніх, хто іх падзяляе або каму ўсё адно, – паведаміў Савіцкі журналісту «Рэгіянальнай газеты».

Валеры перадае маладзечанцам, што застаецца разам з імі і працягвае шукаць відэа-і фотадоказы прымянення гвалту ў бок мірных жыхароў, дапамагаць пацярпелым.

2. Што з подпісамі за адкліканне Канановіч

Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы сабралі больш за 3000 подпісаў наконт адклікання паўнамоцтваў з дэпутата Палаты прадстаўнікоў Людмілы Канановіч. Гэтым накірункам займаецца прадпрымальнік Андрэй Чыжэўскі, які разам з Валерыем Савіцкім прысутнічаў на трох перамовах з прадстаўнікамі ўлады ў Маладзечанскім райвыканкаме.

У Маладзечанскі райвыканкам накіравалі ўжо два звароты з тым, каб улада прызначыла месца, дату і час сходу, на якім выбаршчыкі абмяркуюць пытанне адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Маладзечанскай гарадской акрузе №72 Людмілы Канановіч. Першы зварот ад жыхароў з больш чым 400 подпісамі падалі 24 жніўня.

– Будзем глядзець, што на нашы запыты адкажа ўлада, – кажа Чыжэўскі. – Мы маем больш за 10 пакетаў зваротаў з подпісамі, будзем падаваць да таго часу, пакуль правядзенне сходу не ўзгодняць.

Таксама да Чыжэўскага звяртаюцца некаторыя людзі, якія былі затрыманыя, па дапамогу ў праходжанні юрыдычных працэдур.

3. Подпісы пад зваротамі да Чырвонага крыжа, Беларускага саюза жанчын, Беларускага фонду міру, «Маладзечанскай газеты»

Гэтыя подпісы таксама сабраныя і рыхтуюцца для падачы па адрасах.

Такім чынам, ініцыятыўная група пераважна займаецца папяровай працай і дапамогай пацярпелым. І пазбягае выступленняў, на якіх яны могуць быць расцэненыя праваахоўнікамі як лідары пратэстнага руху.