Фота Habr.

Пра здарэнне карэспандэнту расказаў намеснік начальніка Вілейскага РАУС Мікалай Мягкоў.

26 жніўня ў Вілейскі РАУС паступіла заява ад жыхаркі Вілейкі, пра тое, што ў яе з банкаўскай карткі выкралі грошы.

Міліцыянеры ўстанавілі, што невядомы патэлефанаваў на мабільны тэлефон віляйчанкі і прадставіўся супрацоўнікам сэрвіснай службы Беларусбанка. Зламыснік, паведаміў, што з карткі жанчыны цяпер пераводзяцца грошы на іншы рахунак. Віляйчанка адказала, што яна нічога нікуды не пераводзіла. Тады ёй прапанавалі заблакаваць падазроны перавод. Але для гэтага трэба было паведаміць рэквізіты сваёй карткі.

Як толькі жанчына паведаміла нумар карткі, тэрмін яе дзеяння і СVV-код, размова з ёй спынілася. А праз некаторы час з рахунку знікла 96 рублёў.

Па дадзеным факце ўзбудзілі крымінальную справу па частцы два артыкула 212 КК Рэспублікі Беларусь. Праводзяцца мерапрыемствы па ўсталяванні зламысніка. Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць пакаранне штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

– Хочацца ў чарговы раз нагадаць віляйчанам, што падобныя спосабы крадзяжу грошай у апошні час сустракаюцца ўсё часцей. Толькі ад пачатку жніўня 2020 года гэта ўжо дзявяты выпадак. Жыхары Вілейскага раёна страцілі розныя сумы да 2000 рублёў, – звяртае ўвагу Мікалай Мягкоў.

Міліцыя Вілейкі нагадвае: супрацоўнік банка пры тэлефанаванні кліенту ні пры якіх абставінах не запатрабуе рэквізітаў банкаўскіх карт ці іншай канфідэнцыйнай інфармацыі. Просьба незнаёмага абанента аб прадастаўленні такіх звестак сведчыць пра тое, што размова вядзецца з махляром. У гэтым выпадку неадкладна завершыце размову і звярніцеся ў кантакт-цэнтр банка, раскажыце пра сітуацыю і далей прытрымлівайцеся рэкамендацый прадстаўніка ўстановы. Калі зламысніку ўсё ж удалося атрымаць рэквізіты карткі або быў усталяваны факт крадзяжу грашовых сродкаў, неадкладна заблакуйце картку (нумар тэлефона паказаны на абароце карты) і звярніцеся з заявай у праваахоўныя органы.

• Текст доступен на языке: Русский