На ўзбярэжжы Паўночнага мора. Фота photosight.ru.

Вераніка Гіль працуе ў адной з турыстычных кампаній. Калі пачыналася пандэмія, дзяўчына была дырэктарам прадпрыемства. Віляйчанка расказала, як пандэмія паўплывала на працу ў турызме. І як прадпраемства змагло справіцца з сітуацыяй без падтрымкі дзяржавы.

– Праца мне не проста падабаецца. Гэта любімая праца. У нас маленькае прадпрыемства. Мы доўга і свядома прымалі ўмовы працы ў турыстычным бізнесе – нізкую маржынальнасць (паказчык эфектыўнасці работы кампаніі), вялікія фінансавыя рызыкі, значную канкурэнцыю на рынку, – пачынае Вераніка.

Дзяўчына перакананая: тыя, хто больш з дзесяць год працуе ў гэтым бізнесе, сапраўды любяць турызм.

Стаж Веранікі – 12 год.

Наіўна лічылі: успышка застанецца лакальнай

У снежні-студзені супрацоўнікі прадпрыемства ўжо ведалі пра каронавірус. Але спачатку гэта іх не асабліва непакоіла:

– Працуючы ў турызме, мы крыху ведаем пра азіяцкія краіны. У іх там штогадовыя ўспышкі вірусаў: і ў Ганконгу, і ў В’етнаме. Таму мы наіўна лічылі, што ўспышка застанецца лакальнай, як гэта было кожны год. Пра маштаб пандэміі і пра тое, што адбудзецца калапс нашай галіны, стала вядома ў канцы лютага. І ўсё ж прадпрыемства

мела справу з арганізаваным турызмам. А гэта значыць, пакуль не зачыняецца мяжа і паветраная прастора, усё працягвае функцыянаваць, згодна з дагаворамі. Самалёты лятаюць, гатэлі прымаюць турыстаў.

– Чартарная перавозка тым і добрая, што ў любым выпадку ўсіх турыстаў вывозяць, згодна з дагаворам. У нас не было таго, з чым сутыкнуліся самастойныя турысты, якія не маглі вярнуцца дамоў з-за адмены рэйсаў, – працягвае суразмоўца.

– Калі ж паветраную прастору зачынілі амаль усе краіны свету, канешне, у галіне здарыўся абвал. Усё адбылося на працягу двух тыдняў.

Упершыню за шмат гадоў працавалі з форс-мажорам

Прадпрыемства, дзе працуе Вераніка, афіцыйна не зачынялася. Кажа, гэта немагчыма было зрабіць, бо і супрацоўнікі, і турысты сталі закладнікамі сітуацыі. Упершыню за шмат гадоў прадпрыемства мусіла працаваць з рэальным форс-мажорам. Продажаў не было. Але было шмат працы з прэтэнзіямі, зваротамі, бягучымі пытаннямі.

Офіс не мянялі, нікога не звальнялі. Супрацоўнікі некаторы час былі на самаізаляцыі. І як галіна, што найбольш пацярпела ад пандэміі, чакалі рашэнняў на дзяржаўным узроўні.

– Адразу кабінет міністраў рыхтаваў такі план падтрымкі, – прыгадвае Вераніка. – Было некалькі пасяджэнняў, але ў выніку нічога так і не зацвердзілі: ні падатковыя канікулы, ні мараторый на выплаты, ні зніжэнне арэнднай стаўкі.

А дзяржава запытала тлумачальную за справаздачны перыяд

Заснавальніца прадпрыемства вырашыла, што ўсе працягнуць працаваць. Усе выдаткі за тры месяцы да аднаўлення палётных праграм яна ўзяла на сябе. Фактычна паўгода супрацоўнікі былі без заробку. Былі выключна асабістыя рэсурсы, каб выжыць, застацца на рынку і не абанкруціць  прадпрыемства, адзначае Вераніка.

Першымі пра адкрыццё межаў і паветранай прасторы пад чартарныя перавозкі заявілі Албанія і Чарнагорыя. Пазней – Турцыя, Егіпет, Туніс. На сёння для адпачынку адчыненыя пяць краін. Але і пры такой невялікай колькасці ўжо можна рэанімаваць бізнес, перакананая дзяўчына.

– Ці справіліся мы? Так. Без судоў, з хуткім вяртаннем турыстам перадаплаты, па жаданні з пераносам тураў на наступны год. Спраўляемся.

Але не дзякуючы падтрымцы дзяржавы, а насуперак. Выключна за кошт уласных рэсурсаў і ўмення людзей дамаўляцца паміж сабой.

А дзяржава ў асобе кантралюючых органаў запытала ў нас тлумачальную за справаздачны квартал.

Напэўна, у іх рэальнасці не было каронавіруса і калапсу галіны. У іх рэальнасці нельга паказваць сапраўдны мінус у дзейнасці прадпрыемства, – адзначыла Вераніка.