Ілюстрацыйнае фота школы. Фота Настассі Уткінай.

У апошнія тыдні лета адны настаўнікі выходзяць на акцыі пратэсту, іншыя – на мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. А між тым хутка пачнецца 2020/2021 навучальны год. Што думаюць пра сёлетні Дзень ведаў і пра школу настаўнікі і бацькі?

Настаўніца: Калі няма грошай – ісці ў дзяржаўную школу і трымацца праўды

Ларыса Сапач выкладае беларускую мову і літаратуру ў Маркаўскай сярэдняй школе. Вось яе думка:

– Весці ці не весці дзіця ў школу – гэта справа бацькоў і дзяцей. Калі няма даверу да настаўнікаў, можна дабівацца індывідуальнага навучання. Ёсць ініцыятыва «Свабодная школа», але там навучанне платнае. Калі грошай няма, то варта ісці ў дзяржаўную школу і трымацца праўды. У школе працуе шмат годных настаўнікаў. Трымайцеся іх.

Настаўніца – на мітынгу: Могуць быць канфлікты па палітычных матывах

На адным з мітынгаў у Маладзечне выступіла былая настаўніца, спадарыня Алена. Раней яна выкладала фізіку ў маладзечанскай школе №11. Педагагічны стаж – 35 год:

– Я сышла са школы, крыху не дапрацаваўшы да пенсіі. Працаваць у гэтай савецкай сістэме ўжо было немагчыма. Тут не камфортна ні настаўнікам, ні вучням. Хаця б узяць прымусовую падпіску на газеты. Мяне вельмі турбуе, што хутка пачнецца навучальны год. Дзеці пойдуць у школу. Будуць канфлікты паміж настаўнікамі і бацькамі па палітычных матывах. Як вырашыць гэты канфлікт? Лічу, што толькі бацькам з дзецьмі трэба вырашаць, ці хадзіць на ўрокі да нейкага педагога. Можна ж напісаць заяву. Але ж дзецям трэба здаваць экзамены. Лічу, што экзамены павінна прымаць камісія, створаная з сумленных настаўнікаў. Напрыклад, з настаўнікаў пятай школы, або з тых, хто не працаваў у выбарчай камісіі.

Мама школьніцы: Дарыць кветкі зусім не хочацца

Пра тое, якія думкі турбуюць бацькоў перад пачаткам навучальнага года, мы распыталіся ў маладзечанкі Вольгі Шокель:

– 1 верасня, калі шчыра, кветкі дарыць зусім не хочацца. Ніхто школай цяпер не ганарыцца. Мая дачка ходзіць у пачатковую школу гімназіі-каледжа мастацтваў. Не ведаю, ці былі задзейнічаныя настаўнікі пачатковых класаў у выбарчых участках? Але педагогамі вельмі расчараваная.

Настаўнік – сацыяльная значная прафесія. Калі мы аддаём дзіця ў школу, то спадзяёмся, што там яго навучаць дабрыні, маралі, сумленнасці. А на самой справе атрымліваецца зусім не так. Дырэктараў школ увогуле каментаваць не хочацца. Настаўнікі скардзяцца, што іх прымусілі, але ў той момант яны думалі не пра будучыню дзяцей, а пра сваё наседжанае месца. Настаўнікі кажуць, што, калі б не падпарадкаваліся, іх бы звольнілі. Але ніхто б не звольніў такую колькасць  настаўнікаў, іх проста не было б кім замяніць. Так што педагогі праявілі маладушша і паставілі на першы план матэрыяльныя выгоды. Многія бацькі думаюць гэтак жа, але баяцца выказвацца. Таму баяцца, што з-за гэтага пасля настаўнікі будуць адыгрывацца на дзецях. А так яно і будзе. Бо што спыніць педагогаў пайсці далей?

А ўлічваючы апошняе выступленне Лукашэнкі пра тое, што ў школах павінны застацца толькі тыя настаўнікі, якія падтрымліваюць яго ідэалогію, то страшна падумаць, хто і чаму будзе вучыць дзяцей.

Сярод бацькоў у Маладзечне была думка не весці дзяцей на лінейку, таму што да педагогаў няма даверу. Калі б ідэю масава падтрымалі, я далучылася б. Дакладна магу сказаць, што не буду плаціць унёскі на матэрыяльна-тэхнічную базу. У мінулым годзе на адно дзіця сплацілі 75 рублёў. Уявіце, якой сумы пазбавіцца школа.

• Текст доступен на языке: Русский