Бел-чырвона-белы сцяг быў першым сцягам незалежнай Беларусі. На ім прымаў абавязкі прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка, а цяпер яго шырока выкарыстоўваюць у мірных пратэстах. «РГ» распавядае гісторыю сцяга і як ён з’явіўся.

Колеры сцяга звязаныя з гербам Пагоня

Акалічнасці з’яўлення бел-чырвона-белага сцяга невядомыя. У 1990-я гады распаўсюдзілася гісторыя пра бітву (меркавана, Грунвальдскую), у якой паранены князь падняў над галавой скрываўленую стужку як сцяг, пасля чаго павёў войскі ў бой.

Навуковая версія пра бел-чырвона-белы сцяг грунтуецца на геральдыцы і вексілалогіі. Паводле гэтых дысцыплін, сцяг дзяржавы ўтвараецца з колераў герба.

Гербам ВКЛ доўгі час з’яўляўся герб Пагоня, колеры якога былі белы і чырвоны. Пагоня – гэта выява вершніка з паднятым мячом на белым кані на чырвонай тарчы. Вершнік трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай – белую, чырвоную альбо сінюю тарчу з залатым шасьціканцовым крыжам.

Першы пісьмовы ўспамін пра Пагоню датуюцца 1278 годам у беларуска-літоўскіх летапісах. Пагоня атаясамліваецца з усімі вялікімі князямі літоўскімі, пачынаючы з Віценя, які княжыў з канца XIII стагоддзя.

14 мая 2007 года ўрад Беларусі надаў гербу Пагоні статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці.

Белы і чырвоны як спрадвечныя колеры беларусаў

Белы і чырвоны колеры – уласцівыя колеры для беларускай культуры. Чырвоныя элементы на белай аснове лічацца найбольш пашыраным спалучэннем колераў у беларускім арнаменце. А адметнасцю беларускага гатычнага дойлідства з’яўляецца спалучэнне чырвонай цаглянай муроўкі з белымі атынкаванымі нішамі.

З эпохі Сярэднявечча вядомыя спалучэнні белага і чырвонага колераў на вексілалагічных матэрыялах (штандарах, сцягах і гэтак далей). Сцягам ВКЛ было чырвонае палотнішча з сярэбраным вершнікам. Адзін з самых старэйшых малюнкаў сцяга датуецца 1443 годам.

У хрысціянскай традыцыі чырвоны колер на белым фоне – знак Хрыстовай пакуты, пралітай крыві за чалавецтва.

З’яўленне сцяга ў гісторыі Беларусі

Першыя дакументальныя звесткі пра бел-чырвона-белы сцяг адносяцца да позняга Сярэднявечча. Першым дакументальным сведчаннем лічыцца карціна XVI стагоддзя, прысвечаная бітве пад Оршай. Вялікалітоўская кавалерыя карысталася сцягам Святога Юрыя – чырвоны крыж на белым палотнішчы. На карціне «Бітва пад Оршай» аўтарства Ганса Крэля прысутнічае сем бел-чырвона-белых сцягоў.

Бітва пад Оршай.

Пасля аб’яднання Польскага каралеўства і ВКЛ у федэратыўную дзяржаву былі спробы стварыць і аб’яднаны сцяг. у 1605 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Ваза пачаў ужываць трохпалосны чырвона-бела-чырвоны сцяг, а крыху пазней з’явіўся бела-чырвона-бела-чырвоны сцяг. Аднак такі сімвал не прыжыўся.

Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў Кастусь Каліноўскі вярнуўся да гербу Пагоні.

Бел-чырвона-белая сімволіка актыўна выкарыстоўвалася беларускім нацыянальным рухам канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя. У Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года бел-чырвона-белым сцягам пачалі карыстацца як сцягам беларусаў. Яго распрацаваў архітэктар Клаўдзій Душ-Душэўскі. 7 снежня 1917 года ў Мінску пачаў працу Першы Усебеларускі з’езд пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Бел-чырвона-белы сцяг стаў нацыянальным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі. Такім жа сцягам карысталіся падчас Слуцкага паўстання ў 1920 годзе. У міжваенны перыяд бел-чырвона-белым сцягам карысталіся шматлікія арганізацыі ў Заходняй Беларусі.

У Другую сусветную вайну бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваў калабарацыйны беларускі ўрад. Адзначым, што гэты быў распаўсюджаны досвед сярод нацысцкай палітыкі на захопленых тэрыторыях. Напрыклад, пад расійскім трыкалорам ваявала на баку немцаў так званая Руская вызваленчая армія пад камандаваннем Андрэя Уласава. Нацысцкае кіраўніцтва такім чынам выкарыстоўвала нацыянальныя сімвалы, каб даць народу ілюзорную надзею на незалежнасць. А таксама каб людзі пад нацыянальнымі сімваламі ваявалі не супраць немцаў (яны, маўляў, з’яўляюцца вызваліцелямі), а супраць савецкай дзяржавы, якая была захопнікам.

У сярэдзіне 1990-х пачалася дыскрэдытацыя бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоні, як сімвалаў, якія выкарыстоўвалі падчас акупацыйнага рэжыму ў Другую сусветную вайну. Трэба адзначыць, што бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня з’явіліся ў беларускай гісторыі значна раней, чым у часы нацысцкай акупацыі беларускіх тэрыторый.

Афіцыйнае прызнанне бел-чырвона-белага сцяга адбылося пасля прыняцця Дэкларацыі аб Незалежнасці ў 1990 годзе. Першы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысягаў на бел-чырвона-белым сцягу. У 1995 годзе Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум, на якім змянілі бел-чырвона-белы сцяг на зменены сцяг БССР і герб Пагоню на зменены герб БССР.

Вышыванка – як мова, толькі выказаная ніткай. Чаму расійская прапаганда пра вышыванку – паклёп