27 жніўня маладзечанцы зноў выйшлі на дэманстрацыю пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Учора вечарам людзі прайшліся з бел-чырвона-белымі сцягамі ад Лядовага палаца да цэнтральнай плошчы (не заходзячы на яе) па Вялікаму Гасцінцу, і ў адваротным накірунку.

На дэманстрацыю выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Шэсце прайшло пад дажджом, людзі ішлі пад парасонамі, а міліцыянеры ехалі побач на двух аўтамабілях.

Адзін з супрацоўнікаў з мегафонам увесь час папярэджваў людзей, што яны ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным мерапрыемстве і прасіў разысціся.

Людзі скандзіравалі «Жыве Беларусь!», «Статья Конституции 35!». Людзі з аўто, сваіх балконаў і на вуліцы віталі дэманстрантаў.

Не абышлося і без праціўнікаў шэсця. Некалькі жанчын сталага ўзросту крытыкавалі дэманстрантаў, а адзіны мужчына з балкону нецэнзурна лаяўся на людзей з шэсця. Падчас дэманстрацыі на вуліцы Вялікі Гасцінец у бок карэспандэнтаў нехта, меркавана з акна дому, кінуў яйка — яно не трапіла ў нашых журналістаў. Больш ніякіх інцыдэнтаў не адбылося.

Акцыя працягвалася не больш за гадзіну.

Фота Настассі УТКІНАЙ.