Віцень стаў вялікім князем пасля неадназначнага і цяжкага перыяду ў гісторыі.

У 1263 годзе забілі Міндоўга, першага і апошняга караля літоўскага на беларускай зямлі. Пасля яго смерці працягвалася доўгая барацьба за ўладу. У гэты час пашыралася экспансія Лівонскага ордэна на беларускія тэрыторыі. Не спалі і галіцка-валынскія князі.

Унутрыпалітычны крызіс змаглі пераадолець падчас праўлення Пукувера Будзівіда напрыканцы 1280-х гадоў. Меркавана, Пукувер Будзівід быў бацькам Віценя. Аднак звесткі пра паходжання Віценя ўсё роўна супярэчлівыя. Такія ж супярэчлівыя звесткі і пра яго смерць. Апошні раз пра Віценя згадваюць у 1315 годзе, калі ён кіраваў абаронай замка.

Віцень (уяўны партрэт). З Коданскай галерэі, 1709 год.

Супрацьстаянне крыжакам і рускім князям

Віцень выступаў на пасадзе вялікага князя ад 1295 года. У той час абвастрылася барацьба з Лівонскім ордэнам. Абодва бакі дзейнічалі з пераменным поспехам. Па сведчаннях гістарычных крыніц, крыжакі не менш за чатыры раз падыходзілі да ваколіц Гродна.

За 24 гады княжання Віцень здзейсніў 11 паходаў у Прусію, 5 — у Лівонію, 9 — у Польшчу. Віцень таксама падтрымліваў кантакты з Рыгай, таму неаднаразова дапамагаў адбіваць атакі Лівонскага ордэну.

Верагодна, што тады Віцень вярнуў страчаныя жамойцкія землі ў склад княства. Пры Віценю адбылося канчатковае ўключэнне Полацкай зямлі ў склад ВКЛ.

Пра ўсходні вектар сведчанняў амаль няма. Князя Віценя не ўспамінаюць у рускіх летапісах, таму што ў той час летапісанне на тых тэрыторыях амаль знікла.

Герб Вялікага Княства Літоўскага, гербоўнік Stemmata Polonica, сярэдзіна XVI стагоддзя.

Пагоня

Князь Віцень увайшоў у беларускую гісторыю як дзяржаўны дзеяч, які надаў Пагоні дзяржаўны статус. Аб гэтым сведчыць Густынскі летапіс:

«Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: Рыцар збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня».

Трэба ўдакладніць, што гэты летапісны звод датуецца XVI стагоддзем. Таму некаторыя гісторыкі сумняюцца, што менавіта Віцень надаў Пагоні дзяржаўны статус, бо геральдычныя традыцыі на той час яшчэ не дасягнулі тэрыторый ВКЛ.

Аднак беларускія гісторыкі ў наш час у большасці сцвярджаюць, што вялікі князь Віцень прыняў дзяржаўны герб Пагоню.

Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што менавіта гэты акт князя дазваляе гаварыць аб пачатку існавання дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.

А што такое пагоня?

Назва Пагоня для герба з вершнікам на кані замацавалася ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзяў.

У ВКЛ існавала ваенная павіннасць — пагоня, паводле якой кожны здольны насіць зброю мужчына быў абавязаны ўдзельнічаць у праследаванні ворага.

Пад уплывам гэтай павіннасці выява вершніка стала асэнсоўвацца як сімвал абаронцы Айчыны.