Вілейка. Тут патрабуюцца спецыялісты і ў медыцыну, і ў культуру. Фота Аксаны Ярашонак.

Пра затрыманне ўвечары 9 жніўня на прыватным падворку ў Вілейцы нам расказаў віляйчук, адзін з затрыманых, Пётр Мамай, якога вілейчукі ведаюць, як Кузьму Сіноптыка.

З магнітафона – «Перамен», на машыне – б-ч-б сцяг

– 9 жніўня мы з сябрамі адпачывалі на прыватным двары па вуліцы Вадап’янава, недалёка ад цэнтральнай плошчы. Уключалі на музычным цэнтры розныя песні. Былі і «Перамен», і «Стены рухнут», і Кадышава. Потым я прынёс гітару, сябры ўзялі іншыя музычныя інструменты. Выключылі магнітафон, пачалі спяваць свае песні. Крыху піва папілі. Калі скончылі іграць на гітары, зноў уключылі музыку. Можа, крыху гучней, чым трэба. А яшчэ ў двары стаяла машына, на антэне якой быў бел-чырвона-белы сцяг. Усё адбывалася каля 19:30, – распавядае суразмоўца.

Па словах вілейчука, да двара пад’ехалі міліцыянеры, сказалі выключыць музыку. Гаспадар дома выключаць адмовіўся. Прапанаваў зрабіць цішэй. Цішыў да той пары, пакуль міліцыянеры не пагадзіліся.

– Музыка гучала, спампаваная з інтэрнэта. Таму адна песня – цішэй, другая – гучней. Да таго ж музычны цэнтр стаяў не побач з намі. Нязручна было штораз бегаць і рабіць гук цішэйшым. Міліцыянеры прыехалі другі раз. Зноў сказалі пацішыць музыку. Што мы і зрабілі, – прыгадвае мужчына падзеі вечара 9 жніўня.

Затрымлівалі без пабояў і лаянкі

Сябры далей працягнулі слухаць музыку і размаўляць. І тут – у 21:25 зноў пад’ехала міліцыя на бусе. Як распавядае суразмоўца, міліцыянеры, апранутыя ў каскі, пачалі адчыняць брамку. Гаспадар дома падышоў да брамкі. А міліцыянер асцярожна адной рукой узяў яго за шыю, другой – пад жывот і павёў у бус.

– Ніякіх пагроз, пабояў і лаянкі. Проста нахілілі – і ў машыну. І так усіх. Нас рассадзілі ў машыне і павезлі ў РАУС. Калі прывезлі, папрасілі выйсці і павялі ў актавую залу, – працягвае віляйчук.

У зале сядзелі некалькі гадзін, глядзелі тэлевізар. Патэлефанаваць і пакурыць затрыманым не дазволілі. У прыбіральню звадзілі па аднаму. Зрабілі медыцынскую экспертызу на алкаголь. Ва ўсіх быў станоўчы вынік. Але ж затрыманыя і не адмаўлялі таго, што ўжывалі піва.

– У актавай зале супрацоўнікі да нас ставіліся добра. Дзяўчаты ў форме, якія запісвалі нашы дадзеныя, далі папіць вады, прынеслі крэсла, якога не хапала. Я сказаў, што ў мяне дома застаўся адзін непаўнагадовы сын, бо жонка працуе ў начную змену ў Маладзечне. Спыталі, колькі год. Пачуўшы, што хлопцу 17, сказалі паначуе адзін, – распавядае суразмоўца.

Па яго словах, пратакол пісалі доўга. Першы дакумент, дзе мужчын абвінавачвалі ва ўдзеле ў мітынгу, затрыманыя не падпісалі. Так, яны былі не далёка ад плошчы, дзе ў гэты час ладзілася акцыя. Але ж у самім мерапрыемстве не ўдзельнічалі, былі на прыватным падворку. Падпісалі пратакол па артыкуле «Дробнае хуліганства».

Затрыманыя з Маладзечна радаваліся, што трапілі ў Вілейку

Ноччу затрыманых адвялі ў ізалятар. Далі матрацы, падушкі, коўдры. Спачатку яны былі ўчацвярых. Потым падсадзілі двух затрыманых, якіх прывезлі з Маладзечна:

– Адзін, 20 гадовы хлопец, быў вельмі збіты. Яго затрымалі ў парку. Другі – мужчына за 40. Ён вечарам збіраўся дамоў, у Чысць. Ішоў на Цэнтральную плошчу, каб узяць таксі. Затрымалі разам з жонкай. Яго павезлі ў Вілейку. А жонка засталася сядзець у Маладзечне. У Вілейцы да ўсіх ставіліся па-чалавечы, ветліва. А ў Маладзечне ўжо пры затрыманні збівалі жорстка. Таму затрыманыя нават радаваліся, штотрапілі ў Вілейскі, а не ў Маладзечанскі РАУС.

Праз тыдзень далі флікеры і адправілі дадому

На наступны дзень пасля затрымання быў суд. Гаспадару дома прысудзілі 12 сутак, кожнаму з гасцей – па дзесяць. Але тэрміны цалкам затрыманыя не адседзелі:

– Адпусцілі праз тыдзень пасля затрымання. Было ўжо вельмі позна, таму мы папрасілі ў міліцыянераў флікеры. Суразмоўца адзначае чалавечыя адносіны работнікаў міліцыі да затрыманых:

– Разумееце, можа, сын некага з міліцыянераў сядзіць за адной партай з маім сынам. Можа, нехта жыве са мной на адной вуліцы. Таму і мы паводзілі сябе нармальна, гэтаксама і да нас ставіліся. Не затрымаць нас не маглі. Але разумелі, што ўсім нам яшчэ жыць разам у адным горадзе, – падсумаваў мужчына.

У Вілейскім РАУС затрыманне пракаментавалі наступным чынам: мужчын затрымалі 9 жніўня за парушэнне грамадскага парадку пасля некалькіх папярэджанняў. Яны былі ў стане алкагольнага ап’янення, адзін – у стане наркатычнага. Праз пару гадзін пасля затрымання мужчыны ўжо і самі былі не рады, што так атрымалася.

• Текст доступен на языке: Русский